Вось да чаго тэхніка дайшла!

Дзякуючы тэхналогіям наша жыццё, відавочна, стала лягчэйшым. Цяпер мы можам чытаць анлайн-кнігі, глядзець фільмы і нават знаёміцца з новымі людзьмі ў сябе дома! Але ці чулі вы што-небудзь пра медыямастацтва? Як інтэрнэт і тэхніка дапамагаюць творцам? Юлiя Цыркунова, мастацтвазнаўца і заснавальнiца галерэi ў метасусвеце, падзялілася сваім досведам.

Ёсць такая ўсім вядомая дылема: раней з’явілася курыца ці яйка?
Зразумела, што спачатку з’явіліся лічбавыя інструменты, напрыклад, камп’ютар, а ўжо пасля іх пачалі выкарыстоўваць для мастацтва ды творчасці.

Тут мастакі не апярэдзілі час, але аднымі з першых адрэагавалі на тэхналагічны бум і пачалі шукаць новыя шляхі выкарыстання вынаходстваў.

На працягу дзесяцігоддзяў мастакі даследуюць, як сучасныя тэхналогіі уплываюць на звычайнае жыццё, сацыяльныя сувязі і наша самаўспрыманне. У выніку з’яўляюцца творы, дзе ў цэнтры — чалавек і лічбавы свет. Яны могуць быць створаны пры дапамозе традыцыйных паперы, алоўка ці гліны. Аднак ва ўсіх гэтых выпадках такое мастацтва не будзе аднесена да лічбавага.

Камп’ютарныя прылады патрэбны мастаку як інструмент. Напрыклад, скульптар вырашыў працаваць не з глінай, а зрабіць 3D-мадэль на ноўтбуку ды яшчэ раздрукаваць яе на спецыяльнам 3D-прынтары. Гэта ўжо прыклад лічбавага мастацтва, таму што тут для стварэння традыцыйнага мастацкага твора — скульптуры — былі  выкарыстаны камп’ютарныя тэхналогіі.

Мастак выкарыстоўвае і для стварэння, і для экспанавання менавіта лічбавыя сродкі. Раней была распаўсюджана назва «камп’ютарнае мастацтва», а апошнім часам з’явілася новая — «медыямастацтва»

Пра розніцу паміж лічбавай і віртуальнай выставай

Лічбавай можна назваць любую экспазіцыю, дзе ёсць графічныя аб’екты: ад фотаздымкаў да відэа, ад 3D-скульптур да галаграм — галоўнае, што яны зроблены з дапамогай лічбавых прылад. А вось віртуальнай клічуць выставу, якая не мае рэальнай фізічнай прасторы. Паглядзець такую можна толькі з дапамогай тэлефона, акуляраў віртуальнай рэальнасці ці кампьютара. Штуршком да распаўсюджвання другога тыпу выставы стала эпідэмія COVID-19. Дыстанцыйныя вандроўкi па сваiх залах прапаноўвалі амаль усе музеi свету.

  • Ці патрэбны для гэтага спецыялісты ІТ?

Для такой працы неабходная цэлая каманда: ад распрацоўшчыкаў да дызайнераў. Важна, каб бюджэт музея дазваляў такі праект ажыццявіць. Гэта можа быць даволі проста зроблены 3D-тур, а можа быць дапоўненая прастора, калі ў віртуальнай рэальнасці «дабудоўваюць» страчаныя часткі гістарычных будынкаў, аднаўляюць былы інтэр’ер, дадаюць віртуальнага экскурсавода. Вось такія праекты патрабуюць вялікай прафесійнай каманды.

  • Як стварыць метасусвет, калі ты не праграміст і не мастак?

Галоўнае, што трэба ведаць — базавыя навыкі праграмы  Unity. Мая адукацыя ніколі не была звязана з ІТ, але мне хапіла прагляду Youtube, каб ствараць свае асаблівыя прасторы у метасусвеце. Самая простая для мяне праграма — гэта Spatial. Менавіта там я змясціла віртуальную выставу па матывах беларускай выцінанкі з работамі сучасных майстроў. Тут не трэба мець досведу ці грошай на куплю дадатку. Акрамя таго, там ёсць на выбар гатовыя інтэр’еры, у якія можна дадаваць свае фота, відэа і  3D-мадэлі.

  • Як зрабіць так, каб выставу змаглі наведаць?

Можна наладзіць уваход па запрашэнні для сваіх сяброў. Яны таксама павінны зарэгістравацца у метасусвеце (гэта бескаштоўна). Трэба даслаць запрашэнне праз электронную пошту і пасля спакойна наведваць абраную галерэю з ноўтбука ці праз акуляры віртуальнай рэальнасці (мой метасусвет працуе з акулярамі  Oculus). Ёсць і іншы варыянт, калі Вы ствараеце сваю галерэю агульнадаступнай, у такім выпадку наведаць яе можа любы зарэгістраваны у метасусвеце чалавек.

 

Пра віртуальную выставу з беларускай выцінанкай

Вiртуальная выцiнанка Юлі ўжо двойчы паказвалася ў Музеi беларускай маляванкi ў Заслаўі. Першы раз — падчас майстар-класу па выцiнанні Анастасii Балыш. Гэта была VR-выстава (глядзелi праз VR-акуляры) на тэму зiмовых святаў з аўтарскiмi выцiнанкамi прафесiйнага мастака i народнага майстра Беларусi Лiзаветы Чырвонцавай. А другi раз —  у Дзень выцiнанкi — цудоўная падзея, зладжаная Музеем беларускай маляванкi з майстар-класам ад Лiзаветы Чырвонцавай, чытаннямi на тэму фiласофii выцiнанкi другога мастака — Галiны Жураўлёвай.

— Акрамя маёй вiртуальнай выcтавы, дзе ўжо былi работы не толькi Лiзаветы Чырвонцавай, але i аўтарскiя выцiнанкi Людмiлы Валковiч-Барыс, Наталлi Чырвонцавай i Галiны Жураўлёвай, Музей прадставiў ўдзельнiкам мерапрыемства магчымасць пазнаёмiцца з выцiнанкамi гэтых жа аўтарау ўжывую — iдэальны варыянт дапаўнення аднаго фармату другiм — рэальнага і віртуальнага.

Працяг чытайце ў другім нумары часопіса «Бярозка» за 2025 год.

Ганна БЕЛАЯ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *