Бясконцая сіла мастацтва

Вітанкі, сябры! Працягваем вандраваць па чароўным свеце мастацтва! Сёння я распавяду вам пра выдатны праект Viva Kola Art, у межах якога мы пазнаёмімся з работамі маладых, але прытым не менш таленавітых мастакоў: Лізаветы Янковай, Уладзіміра Латуціна, Ганны Раманенка і Ангеліны Вашчанка.

Мерапрыемства аб’ядноўвае вялікую выставу і рэспубліканскі мастацкі конкурс. Распачаты ў 2023 годзе, ён умомант захапіў сэрцы публікі як яскравы прыклад суладнага спалучэння спорту і мастацтва, чаго раней у Беларусі не было. Першапачаткова ўсе работы былі сканцэнтраваны на веласпорце, але ў гэтым годзе праект пашырыў тэматычны напрамак. Зараз удзельнікі прысвячаюць свае работы хакею, біятлону, гімнастыцы, лыжным гонкам і тэнісу.

Акрамя таго, Viva Kola Art дапамагае мастакам-пачаткоўцам раскрыць свой патэнцыял. Кожны «піша» ўнікальны твор мастацтва, які адлюстроўвае светапогляд і смелыя эксперыменты з формай, колерам і канцэпцыяй.

1. «Зорны шлях» — Лізавета Янкова. Другое месца ў намінацыі «Дызайн»

«Праект дапамог раскрыць новыя сюжэты ва ўласных работах, напісаных спецыяльна для Viva Kola Art. Дужа цікава было маляваць у новай для мяне тэматыцы веласпорту. Адчуваю ў гэтым слове хуткасць, зыркасць, усплескі фарбавых матываў і неверагодныя эмоцыі, адрэналін і жаданне здзейсніць пераможны рывок. Гэта я і намагалася адлюстраваць праз эмацыйны складальнік колеру і графікі, а кола на малюнку для мяне сімвал жыццёвага цыклу, шляху, руху».

2. «Высокатрывалая сталь, хромамалібдэнавая сталь, алюмініевыя сплавы, карбон, тытан, магніевыя і алюмініева-скандыевыя сплавы» — Уладзімір Латуцін

«Гэта выключная платформа для самавыказвання і ўзаемадзеяння, дзе фізічная актыўнасць і творчы пачатак аб’ядноўваюцца, каб стварыць новыя формы і ідэі. Спорт у гэтым разуменні з’яўляўся не толькі фізічнай нагрузкай, але і крыніцай натхнення. Кола ў маёй працы сімвалізуе люстэрка гармоніі і бясконцасці. У назве карціны заключаны матэрыялы, з якіх вырабляюць ровары. Работа з’яўляецца глыбокай метафарай, што аб’ядноўвае свет флоры і тэхналогій. Конь у стымпанкаўскай стылізацыі як сімвал моцы, волі, і хуткасці — гэта механізм. Як бы напамін, што нават самыя натуральныя і арганічныя аспекты жыцця цесна звязаны з вынаходніцтвам. Жыццё — гэта складаны механізм, які ўвесь час рухаецца і развіваецца».

3. «Батлейка» — Ганна Раманенка

«VivaKolaArt — магчымасць уявіць, як зладжана могуць спалучацца спорт і мастацтва. “Батлейка”— гэта тэатр, дзе расказваюцца гісторыі, напоўненыя культурнымі каштоўнасцямі, а кола сімвалізуе бясконцы жыццёвы шлях беларусаў, іх гісторыю, традыцыі і неўміручую веру ў будучыню. Аб’яднаўшы два элементы, я намагаўся ўявіць, як жыццё і традыцыі працягваюць рухацца наперад, ствараючы новыя сэнсы і сувязі».

  1. «Коткавасць I», «Коткавасць II», «Коткавасць III» — Ангеліна Вашчанка. 1 месца ў намінацыі «Творчы дэбют».

«Для мяне не такая цікавая тэма спорту, а хутчэй яго рух, дынаміка. Ён для мяне даволі ўсёабдымны, бо гэта і пераход у іншыя сусветы, і цыклічнасць часу, і сімвал прасторы, нават сацыяльнай (людзі кажуць накшталт “У маім коле зносін”), вярчэння, руху, бясконцасці паўтору. Мая серыя “Котавасць” бліжэй пра рух і дынаміку. З’яўляцца коткай — умець ствараць мітусню вакол сябе, паляваць на ўласны хвост, ляцець кулём па кватэры і раптоўна змяняць свой кірунак, рашэнні, позы. Такое вось бясконцае рашэнне».

Ад рэдакцыі,

фота з інтэрнэт-крыніц

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *