Па шляху бравіста: як стаць б’юці-майстрам

Людзі гэтай прафесіі нібы мастакі ці скульптары. Толькі замест пэндзлікаў і разцоў выкарыстоўваюць алоўкі і пінцэты. Яны надаюць бровам ідэальны выгін, карэктуюць форму дугі, падбіраюць правільныя адценні фарбы, якія спалучаюцца са скурай кліента.  Спецыялісты павінны звяртаць увагу да дэталяў, валодаць добрым вакамерам і пачуццём эстэтыкі.  Але дзе ж атрымаць навыкі і веды, каб стаць прафесійным бравістам?

Ніводны салон ці студыя прыгажосці не абыходзіцца без майстра па бровах. Часцяком прафесіяналы аддаюць перавагу працаваць на сябе, прымаючы кліентаў дома.  А з часам спецыяліст можа весці вэбінары, майстар-класы і анлайн-курсы, каб падзяліцца досведам з пачаткоўцамі. 

 Якія ж навыкі патрэбны для стварэння кар’еры бравіста?

  • Творчы погляд і эстэтычны густ неабходныя, каб бачыць і ствараць гарманічныя формы броваў;
  • Цярплівасць і ўвага да дробязі, таму што неабходна працаваць з драбнюткімі элементамі, асабліва ў выпадку руплівай карэкцыі броваў;
  • Камунікацыйнасць і добразычлівасць спатрэбяцца, бо важна слухаць і разумець пажаданні кліента, зразумела тлумачыць, што адбываецца падчас працэдуры, а таксама даваць парады;
  • Добрая памяць і цвёрдая рука дапаможа бравісту авалодаць адразу некалькімі тэхнікамі накшталт мікраблейдынгу (татуажу), афарбоўванню і ламінаванню.

За сеанс спецыяліст ажыццяўляе працэдуры карэкцыі і афарбоўвання. У іншых выпадках ён можа зграбна аформіць бровы з дапамогай касметыкі. Для надання аб’ёму і стварэння больш натуральнага выгляду майстар можа прапанаваць ламінаванне.  Каб вызначыць, які менавіта варыянт падыдзе кліенту, спецыяліст першапачаткова праводзіць кансультацыю.  Пасля працэдуры — парады па доглядзе броваў.  А таксама майстар павінен увесь час сачыць за алергічнай рэакцыяй скуры на касметычныя сродкі.

Спецыялісту трэба ведаць як мага больш пра будову і тыпы скуры, структуру валасоў і прынцыпы каларыстыкі. Базавыя тэарэтычныя веды можна атрымаць самастойна, а ўжо практычныя ўменні трэба напрацаваць наступнымі спосабамі:

  • Індывідуальнае навучанне ў прафесійнага майстра: падчас курсаў дасведчаныя бравісты запрашаюць мадэляў для сваіх вучняў. Такая практыка займае ўсяго пару дзён, але карысць ад яе велізарная;
  • Спецыялізаваныя курсы ў навучальным цэнтры: праграма тут разлічана на групавое навучанне, дзе будучыя бравісты атрымаюць разнастайныя веды і пазнаёмяцца з аўтарскімі тэхнікамі. Вучняў чакае шточасавая прапрацоўка практычных навыкаў на мадэлях у абсталяваных класах з неабходнымі інструментамі.  Звычайна па заканчэнні навучання такія «школы» прапануюць стажыроўкі і выдаюць дыплом дзяржаўнага ўзору.

Але ёсць і варыянт саманавучання. Падобны шлях выбрала Анжаліка Цвік — топавы бравіст з досведам больш за 10 гадоў.  З чаго ж пачыналася яе кар’ера?

 — Першапачаткова я планавала стаць візажыстам і вучылася на спецыяльных курсах.  Нас знаёмілі з агульнымі тэхнікамі афарбоўвання броваў.  Але нейкіх асобных навучанняў па такім вузкім профілі яшчэ не было.  Таму даводзілася напрацоўваць досвед самастойна на знаёмых і блізкіх, а ўжо потым праходзіць майстар-класы ў міжнародных бравістаў. 

 Зараз у маладых спецыялістаў ёсць больш магчымасцяў атрымаць добрую адукацыю.  Канешне, метад спроб і памылак зоймае больш часу.  Тут трэба заўважыць, што важна абіраць курсы старанна: не па прыгожых афішах, а па работах майстра. 

 Добрае навучанне і набыццё якасных матэрыялаў для далейшай працы стануць добрым стартам у сферы бравістыкі.  Не трэба страшыцца клікаць мадэляў для адпрацоўкі навыкаў. Пачынайце адразу развіваць сацсеткі з прыкладамі сваіх работ.  Першыя крокі ў прафесіі будуць няўпэўненымі, але неўзабаве яны стануць трывалымі і вы будзеце выконваць усё правільна!

Такім чынам, навучанне на бравіста — не проста атрыманне навыкаў і ведаў.  Гэта шлях, на якім вы станеце майстрам сваёй справы, што будзе здольны дарыць усмешку і ўпэўненасць у сабе.  Поспех тут патрабуе сталага развіцця, крэатыўнасці і клопату пра сваіх кліентах. А калі вы адчуваеце асаблівую цягу да прыгажосці і імкненне да дасканаласці, прафесія бравіста можа стаць сапраўды шыкоўным варыянтам.

Кацярына КОРАНЬ,

факультэт журналiстыкi БДУ.

Фота з інтэрнэту і архіву героя.

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *