Анонс часопіса «Бярозка» №3

Вітанкі, сябры! Ужо адчуваецца водар сапраўднай вясны. Роставыя пупышкі, цёплае надвор’е (калі няма снегу), і нават самаадчуванне вясновае – душа імкнецца адкрыць нешта нязвыклае: паехаць у чароўную вандроўку, прачытаць добрую кнігу, наведаць тэатральную прэм’еру ды насыціць сябе ведамі. Добра, што ўсё гэта можна аб’яднаць, калі чытаеш новы выпуск беларускамоўнага часопіса для падлеткаў «Бярозка».

Калі вы хаця б раз задумваліся змяніць сваю працу ці ўвогуле не ведаеце, якую абраць, – глядзіце рубрыку «PROпрафесію». Гэтым разам расказваем пра ўсе патаемныя камяні ў сферы сапраўдных майстроў стрыжкі і нажніц – барбераў.

Прапаную прачытаць артыкул да дня касманаўтыкі: як беларускія пісьменнікі і паэты бачаць далёкія зоркі. Разглядаем творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа.

Разам з часопісам можна рушыць па сакральных мясцінах нашай краіны. Расказваем гісторыю легендарнага Буйніцкага поля на якім адбыўся галоўны бой Магілёўскай абароны 12 ліпеня 1941 года.

Калі вы зараз рыхтуецеся да школьнай алімпіяды, вам будзе цікава даведацца пра досвед Святаслава Кабанава, які раскавае пра невідавочную карысць міжшкольных спаборніцтваў. Алімпіяда – гэта не толькі пра вучобу!

Разважаем пра сур’ёзнае з гумарам: як не заблытацца ў камп’ютарных тэхналогіях, падкажа Наталля Сіротка.

У сакавіку рэдакцыя «Бярозкі» ўводзіць новую рубрыку – «Пра тэатр». Ягор Ярмоленка, студэнт «ГИТИСа», будзе пісаць актуальныя рэцэнзіі на беларускія спектаклі  і аналізаваць, куды рухаецца наш тэатр. Дарэчы, пра гэта яго першы артыкул.

Ці ёсць сярод вас аматары «Клуба Рамантыкі»? Доўгачаканы агляд на папулярную гульню і ўвесь жанр візуальных навел ад нашых гульнявых журналістаў.

І, канешне, некалькі старонак беларускай літаратуры і паэзіі. Падрыхтавалі для вас казку і вершы сучасных літаратараў, якія вы анідзе больш не сустрэнеце!

Прыемнага вам чытання!

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *