Боль, які зашчаміўся ў целе краіны
Важнасць тых падзей
3 ліпеня ў Магілёў эвакуіруецца ўрад БССР. Заходні фронт рухнуў, армія Вермахта з шалёнай хуткасцю рухалася ў бок Масквы. Прайшла тэрміновая нарада з удзелам маршалаў Шапашнікава і Варашылава, на якой прынялі рашэнне спыніць наступ на Дняпры. Цяжкае становішча на фронце патрабавала стварэння спецыяльных дыверсійных груп, на базе якіх пазней былі створаны партызанскія атрады.
Галоўны бой Магілёўскай абароны адбыўся на Буйніцкім полі, каля аднайменнай вёскі. Сюды вёў свае танкі генерал Вальтэр Модэль, якому супрацьстаялі байцы палкоўніка Сямёна Куцэпава. На досвітку, 12 ліпеня, панцарвафэ рушылі ў бой.

Савецкія часткі паспелі акапацца да прыходу ворага. Ваенны гісторык Мікалай Барысенка падзяліўся: «Артылерыя магла паражаць на ўсё поле. У пачатку стаялі саракапяткі, якія на 800 метраў траплялі, потым — 76 міліметраў, і наступнымі за імі — дальнабойныя гаўбіцы, якія траплялі на адлегласці 10-15 км». Асноўныя страты нямецкія танкісты панеслі ад мінных палёў і артылерыі.
Бой доўжыўся ўвесь светлавы дзень — 14 гадзін! Куцэпаўцы адбілі восем нападаў, падбілі 39 нямецкіх танкаў і бронетранспарцёраў. Жыхарка в. Буйнічы Яўгенія Майсеева ўзгадвала апавяданні свякрухі пра той страшны дзень: «Усё было як паўсюль: капалі супрацьтанкавыя ровы, згадзіліся з непазбежнасцю і спадзяваліся на лепшае. Калі пачаўся бой — схаваліся на цэлы дзень, да яго заканчэння. Пасля бітвы выйшлі на поле, якое было ўсеяна танкамі і салдатамі, рускімі, немцамі — сапраўдны жах».
Прыкладна такую ж карціну ўбачыў ваенны карэспандэнт і пісьменнік Канстанцін Сіманаў, які прыехаў разам з фотакарам Паўлам Трошкіным адразу ж пасля бою.
Гэтая фатаграфія была апублікавана 20-га ліпеня 1941 года ў газеце «Известия» разам з нарысам пісьменніка «Гарачы дзень»: «…і калі заязджаеш у размяшчэнне палка, то адразу бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць… тут ваююць не толькі адважна, тут ваююць умела. Полк зарыўся ў зямлю. Дарэмна спрабавалі выкалупаць яго нямецкая авіяцыя, артылерыя і танкі … і полк адбівае адну за адной усе атакі немцаў з жорсткімі для іх стратамі».

23 дні салдаты мужна адбівалі атаку за атакай. У ноч на 26 ліпеня рэшткі 172-й стралковай дывізіі спрабавалі прарвацца з акружэння, іх адыход прыкрываў полк Куцэпава, які застаўся на правым беразе Дняпра. Ужо да раніцы яны былі акружаны немцамі з усіх бакоў. Некалькі дзясяткаў стомленых баямі і знясіленых савецкіх байцоў стаялі да апошняга… Патроны былі на зыходзе. «Кожны патрон у сэрцы ворага!», — загадваў камандзір. Але чарговая атака гітлераўцаў забрала жыццё Сямёна Куцэпава.
Абарона Магілёва пазней знайшла адлюстраванне ў рамане Сіманава «Жывыя і мёртвыя», а смелы палкоўнік стаў прататыпам камбрыга Серпіліна.
Як выглядае Буйніцкае поле сёння
Аўтары мемарыяла — архітэктары Уладзімір Чаленка і Алег Бараноўскі. У яго цэнтры плошчай больш за 20 га знаходзіцца 27-метровая чырвоная капліца — сімвал велічы воінскага духу. У прыватнасці, тут намаляваны вобраз святога Георгія Перамаганосца і вялікі князь літоўскі Альгерд. Там жа ёсць карціны абароны Магілёва.

Муры будынка аздобленыя светлым мармурам. На іх размешчаны дошкі з сотнямі прозвішчаў воінаў і народных апалчэнцаў, якія абаранялі Магілёў. Пад капліцай знаходзіцца склеп, прызначаны для перапахавання астанкаў загінулых воінаў Чырвонай Арміі, выяўленых на палях бітваў у ваколіцах горада.
Злева ўнізе ад яе размешчаны невялікі вадаём «Возера слёз» — сімвал смутку матуль па загінулых сынах. На яго сярэдзіне бачыцца маленькі востраў, патрапіць на які можна па двух мастках. Справа ад капліцы добра бачныя рэшткі супрацьтанкавага рова. Немалую цікавасць выклікае выстава ваеннай тэхнікі: прылады, танкі, машыны. Сярод экспанатаў трапляюцца рэдкія асобнікі, у тым ліку і нямецкі танк, падняты з ракі Друць.
У красавіку 2015 года на гэтым месцы з’явілася Алея памяці і славы з маладых ліп, якія сімвалізуюць мірныя пасляваенныя гады. Таксама тут пасадзілі тры дубы ў гонар трох армій другога Беларускага фронту, якія вызвалялі Магілёў.
Тут усталяваны мемарыяльны знак у памяць пра савецкага пісьменніка, які адлюстраваў тыя падзеі. Велізарны валун вагой 15 тон, а на ім — кветкі і надпіс «Канстанцін Сіманаў». З тыльнага боку каменна-мармуровая дошка: «…Усё жыццё ён памятаў гэта поле бою 1941 года і завяшчаў развеяць тут свой прах». Ад манументальнага помніка на сваёй магіле Канстанцін Сіманаў адмовіўся яшчэ пры жыцці, сказаўшы, што лепш усталяваць манумент героям, якія тут ваявалі і загінулі.
Рэдакцыя часопіса,
фота з інтэрнэт-крыніц
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
