Безадказнае стаўленне да адказнай рэчы: досвед абласной алімпіяды
Адразу пасля зімовых канікул у краіне прайшоў абласны этап алімпіяд па розных навучальных дысцыплінах. Гэта быў цікавы досвед, але складаны шлях: трэба шмат вучыцца пасля заняткаў, каб тут сустрэцца з самымі светлымі галовамі вобласці… Пра тое, як не з’ехаць з глузду падчас падрыхтоўкі, пра ўражанні ад гэтага іспыту і пра тое, як рыхтаваліся астатнія гісторыкі Віцебска — у артыкуле.
Як ішла падрыхтоўка?
Шчыра кажучы, незайздросна: у такіх справах патрэбна вытрымка. Кожны навучальны дзень у другой чвэрці пачынаўся з паходу ў наш кабінет гісторыі, дзе я бяздумна чытаў пра ўсялякіх Вітаўтаў і Гедымінаў, пра рэфармацыі і контррэфармацыі. Гэта нудна, асабліва калі вучыш гэты матэрыял далёка не ўпершыню… Аднак як яшчэ? Я меў высокую мэту: прайсці на рэспубліканскі этап!
І такі атрымалася. Я «крочыў» настолькі ўпэўнена, што пачаў сядзець у бібліятэцы пасля заняткаў. Для кагосьці прагучыць дзіўна, для кагосьці — рацыянальна, але ісці туды пасля сямі заняткаў — гэта сапраўды добры шлях сканцэнтравацца на хатнім заданні і самападрыхтоўцы. Я праводзіў там час, пакуль або не стамлюся канчаткова, або не надыдзе надвячорак і мяне не выганяць, бо «На гадзіннік паглядзі: ужо дзявятвя вечара!» Спачатку такі графік дужа стамляў, але потым вучыцца па 10-11+ гадзін на дзень стала нормай. Гэта прасцей, калі ты чытаеш пра тое, што табе сапраўды цікава — Амерыку я вам тут не адкрыю.
Такі распарадак дня я меў на працягу двух месяцаў…
Алімпіяда — не толькі пра вучобу?
Яна праходзіла ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы, якое знаходзіцца ў вёсцы за некалькі кіламетраў ад самога горада. Інтэрнат далі ў тым ліку і віцебчанам. Я сапраўды думаў, што, засяліўшыся сюды, буду на поўным сур’ёзе штосьці вучыць і паўтараць. Але нам, звычайным школьнікам, амаль на тыдзень далі магчымасць паглыбіцца ў сапраўднае інтэрнацкае жыццё. Знаёмства з новымі сябрамі, тусоўкі — тое, што чакае нас ва ўніверсітэце. І ў гэтай атмасферы мы будзем нешта там паўтараць і ўспамінаць? Карацей кажучы, паміж турамі ніхто аніяк не рыхтаваўся. Затое знайшлі цікавыя знаёмствы з розных куткоў краіны!
А яшчэ патрацілі шмат грошай у мясцовай прадуктовай краме, але не будзем пра гэта 🙂
А што сама алімпіяда? Праходзіла яна ў два туры на працягу двух дзён: практычны і тэставы. Першы ўсім запомніўся табліцай, на якую літаральна ніхто не ведаў адказу. Гутарка вялася пра карныя аперацыі ў 1943–1944 гадах, але ўся наша кампанія не магла адказаць, і таму стала спакойна. Наступны — тэставы — тур можна часткова параўнаць з ЦТ, толькі больш складаным у разоў гэтак з пяць. Але, кажучы з досведу мінулых гадоў, нават гэта — самая простая частка алімпіяды, таму і ніякіх памятных цяжкасцей яна не выклікала.
Шчыра кажучы, пасля алімпіяды такое адчуванне, што ехаў я сюды не дзеля самой алімпіяды, не дзеля таго, каб змагацца за аўтарытэт сваёй навучальнай установы, а проста… патусавацца. Дыплом і ўзнагароды — гэта так, як прыемны бонус. Аднак, дарэчы, на рэспубліку я прайшоў! Не дарма тыя доўгія гадзіны былі праведзеныя ў бібліятэцы…
Што могуць сказаць іншыя ўдзельнікі?
Ян Варакса, 11 клас, Гімназія №5 г. Віцебска:
— Рыхтаваўся я ў гэтым годзе гэтак жа, як і ў мінулыя гады: праглядаў рэчы, якія лічыў патрэбнымі, і тое, што дакладна вартае паўтарэння. Акцэнт рабіў на Вялікай Айчыннай, бо, улічваючы досвед мінулых гадоў, у нашых алімпіядах больш за ўсё любяць пытацца менавіта пра яе. У інтэрнаце не жыў, таму сказаць няма чаго.
Іван Буевіч, 11 клас, Сярэдняя школа №17 г. Віцебска:
— Алімпіяды — гэта не толькі цяжкая падрыхтоўка і жаданне перамогі, але і майстэрства захаваць спакой і ўпэўненасць у сабе пры любых абставінах. Падрыхтоўка да яе дапамагае выпрацаваць звычку шточас працаваць і даведвацца пра нешта новае. Гэта нашмат важней за высокія балы і глянцавыя граматы. Што датычыцца жыцця ў інтэрнаце, то гэта асобная размова. Тыдзень жыць з новымі людзьмі, у якіх з табой падобныя інтарэсы — гэта вельмі карысна. Дапамагае трохі адчуць дарослае жыццё, знайсці новых сяброў і выдатна правесці час.
Далей будзе рэспубліканскі этап. Што мяне чакае? Ці атрымаю я той самы дыплом, з дапамогай якога можна будзе паступіць на любы гістарычны факультэт Беларусі? Час пакажа.
Святаслаў КАБАНАЎ,
ДУА «Гімназія №2 г. Віцебска», 11 клас
Фатаграфіі з архіву героя