Птушынае гора. Рэцэнзія на спектакль «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» Брэсцкага тэатра лялек
Рубрыка: Пра тэатр
«У кожнага сваё гора» — выраз, які паўтараецца шмат разоў падчас дзеяння. Гэта не проста кранальныя словы, а своеасаблівая мантра Алісы Ярмак-Залеўскай, рэжысёра спектакля. Кожны чалавек на працягу жыццёвага шляху сустракае пэўныя праблемы і выпрабаванні, горкія абставіны, якія замінаюць лёгкасці быцця і перакрываюць сонца, робяць дзень шэрым. Некаторыя чужыя праблемы могуць здацца нязначнымі, а нейкім цяжкасцям будзе спачуваць абсалютна кожная жывая душа. Такі прыклад — гора старога Дземідзёнка, таго самага дзівака, які жыве на Ганчарнай вуліцы…
Пра яго боль размова пойдзе крыху пасля, а зараз неабходна зразумець, хто ж ён такі і чаму менавіта дзівак. Галоўны герой — стары мужчына, які не здымае капялюша і ходзіць на рынак, каб набыць там птушак, а пасля выпусціць на волю. Аддае апошнія грошы — але купляе. Застаецца без скарынкі хлеба — затое птушкі вольныя. Уладзімір Тэвасян, акцёр, які выконвае ролю Дземідзёнка, нават сваёю постаццю на сцэне дэманструе адасобленасць ад звычайных грамадзян: яго персанаж зашчэмлены, пануры, вочы схаваны пад капелюшом, ходзіць быццам заўсёды на дыбачках, а правая рука тузаецца туды-сюды. На гэтую нязграбнасць мужчыны ўсім было б усё роўна, ніхто б не звяртаў увагі на дзівака, калі б не яго захапленне птушкамі. Быццам у думках Дземідзёнка адно: вызваліць ды накарміць зернем, якое заўсёды з сабою у кішэні, кожную птушку.
А суседзі і аднавяскоўцы, як толькі зразумелі, што стары гатовы аддаць за птушыную волю апошнія грошы, пачалі наўмысна лавіць то вераб’ёў, то ластавак, а пасля прыносіць на рынак. І не зразумела, хто тут большы дзівак: Дземідзёнак, які купляе птушак, ці людзі, якія ловяць ды прадаюць. Толькі Дакуніха, старая, якая пасяліла яго ў сябе як кватаранта, быццам разумела цягу да вызвалення. Актрыса Руслана Сакалова грала звычайную гаспадарлівую жанчыну, але з адной асаблівасцю: яе Дакуніха не проста ведала пра лёс дзівака, а, магчыма, і пра сэнс гэтых птушак. Яна трымала і ахоўвала адну ў клетцы, каб толькі Дземідзёнак не выпусціў і яе на волю.
Зразумела, птушкі і ў спектаклі, і ў апавяданні Івана Чыгрынава маюць метафарычнае значэнне. Нездарма ж птушкі сталі сэнсам жыцця для Дземідзёнка, ды не проста так сам дзівак з Ганчарнай вуліцы ператварыўся напрыканцы ў птушку!
Раней галоўны герой быў ляснічым, без паўнавартаснай сям’і, але з дарослай дачкой, якая жыла ў горадзе. На радзіму яна не вярталася, пакуль гора не наведала ўсю краіну: пачалася вайна, прыйшлі немцы, трэба ўцякаць. Яна пабегла праз бацькаву хату, але не адна, а ўжо са сваёй дачкой. Маці вырашыла пакінуць яе з дзедам — гэта найлепшы варыянт выратавання трохгадовай дзяўчынкі, бо ўцякаць па лесе шмат кіламетраў — цяжкае выпрабаванне. Здаецца, зараз усё павінна было быць добра. Але ў хату прыйшлі захопнікі. Мужчына паспеў схаваць унучку, а яго самога павялі на допыт, дзе катавалі два тыдні. Вярнуўшыся дахаты, ён анікога не знайшоў. На падлозе ляжала толькі скарчанелая птушачка.
Глядач дазнаецца пра лёс Дземідзёнка праз аповед Дакуніхі Аленцы, сіраце, маладой журналістцы, якая запісвае розныя горкія гісторыя ваеннага часу, спрабуючы знайсці і сваю. Тут ва ўяўленні адразу выбудоўваецца лінія сувязі Дземідзёнка, які пасля цяжкага мінулага пакінуў радзімую хату і прыйшоў на Ганчарную вуліцу, з гэтай дзяўчынкай Аленкай, ролю якой выконвае Аліна Сіманенка. Па-першае, падобныя чамаданы. Напрыпачатку спектакля дзівак сумятліва шукае ў іх нешта, а потым становіцца зразумела, што не нешта, а некага: калі прыйшлі немцы, у адзін з чамаданаў ён схаваў унучку-ляльку. На ім акцэнтуецца ўвага, і пры першым з’яўленні журналісткі Аленкі яе чамадан падае, раскрываецца. Па-другое, банальна, лялькай унучкі кіруе актрыса Аліна Сіманенка. Хацелася б, каб сірата-журналістка была сваячкай Дземідзёнка. Але рэжысёр дэманструе, што гэта не так, яшчэ ў першыя секунды спектакля. Дзіцячы смех пераліваецца ў птушыную песню, а на фоне — аблокі, неба, рай. Унучкі больш няма. Яна памерла, а душа ператварылася ў птушку.
Мяркую, зараз зразумела, чаму птушкі такія важныя для Дземідзёнка. Гэта адлюстраванне гора, якое перажыў мужчына. Гора, за якое ён адчувае сваю віну. Гора, якое спрабуе адпусціць і выправіць памылку. Кожная птушка ў клетцы для дзівака з Ганчарнай вуліцы — яго родная ўнучка, схаваная ў чамадан, якая засталася адна на два тыдні. Унучка, якой больш няма. Унучка, якая стала птушкай.
Дакуніха гэта зразумела, яна ўцяміла, што…
Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №7
Ягор ЯРМОЛЕНКА,
фота з інтэрнэт-крыніц
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
