Мастацтва распавядаць гісторыі. Сторытэлінг у жыцці брэндаў і людзей
Рубрыка: Дайджэст
Вам калісьці даводзілася пражыць дзень так, каб не даведацца аніводнай гісторыі? Наўрад ці. Нават калі правялі дзень у адзіноце — вы штосьці чыталі, глядзелі ці ўзгадвалі. Такім чынам вы ператвараецеся ў слухача падкасту, аўтара ўласных успамінаў ці гледача стужкі сацсетак. Мы жывём у свеце, дзе сторытэлінг — натуральная частка нашага існавання.
Што гэта такое?
Усё пачалося літаральна з міфаў, легендаў і казак. Паданні прыемна распавядаць і слухаць. Яны дазваляюць уяўляць герояў, натхняцца іх прыкладам, суперажываць. Хто не хацеў бы мець сілу і адвагу славутых герояў? Ці не марыў пра незвычайныя здольнасці, якія дазволілі б дасягнуць неверагоднага і невядомага? Або паўтарыць шлях прыгод, якія пераадолелі любімыя персанажы?
Гісторыі выклікаюць эмоцыі, абуджаюць фантазію і застаюцца ў памяці, бо кожны можа знайсці ў іх нешта блізкае і важнае для сябе.
Сторытэлінг — прыём, які дапамагае данесці інфармацыю праз гісторыю, захапіць увагу, перадаць ідэю і выклікаць эмоцыі. Гэта не проста пераказ падзей, а якаснае спалучэнне сюжэту, персанажаў і кантэксту.
Дадзеную форму актыўна выкарыстоўваюць маркетолагі. Але навошта ім умець распавядаць гісторыі? Мабыць, у наш час лягчэй запусціць банар, таргетаваную ці кантэкстную рэкламу ў інтэрнэце?
Натуральна, што не. Сучасныя тэндэнцыі, як вызначаюць Джэн Панэра Бенуэй і Дэвід Лэйн у сваім даследаванні 1998 года, характарызуецца «банарнай слепатой». Феномен, калі карыстальнікі ігнаруюць рэкламныя аб’явы, і ўсе намаганні рэкламшчыкаў не прыносяць неабходнага выніку. З’явілася патрэба шукаць іншыя шляхі.
Аднак я лічу, што гэта добры зрух. Мы з вамі, хоць і не спецыяльна, але прымусілі маркетолагаў і кантэнтмэйкераў ствараць новыя формы кантэнту, якія б маглі сапраўды прывабіць гледача рэкламы.
Прыклады з сусветнай практыкі
Разгледзім, як выкарыстоўваюць сторытэлінг брэнд, тэатр, блогеры і звычайныя карыстальнікі інтэрнэту. І каб вы змаглі ўжываць тэхнікі апавядальніцтва ў паўсядзённым жыцці, вылучым асноўныя прыёмы стварэння гісторый.
Ад маленькай майстэрні да вялікай кампаніі
«LEGO» — сусветны вытворца цацак і канструктараў. У гонар свайго 80-годдзя ён выпусціў невялічкі мультфільм, у якім распавядаецца пра гісторыю сямейнага бізнэсу.
Шмат гадоў таму жыў у Даніі звычайны цясляр — Оле Кірк Крысціянсэн. У яго была невялікая майстэрня, дзе працавала некалькі чалавек. Надышоў цяжкі час у жыцці будучага заснавальніка вялікай кампаніі: яго майстэрня зачынілася, бо грошай на ўтрыманне не хапала, а жонка памерла. Аднак Оле быў не тым чалавекам, які здаецца перад цяжкасцямі, ён пачаў разважаць: «Як жа быць далей?» І прыдумаў! У яго даўно былі мары пра стварэнне цацак. Першыя ён зрабіў для сваіх сыноў, а далей прадаваў іх у крамах. І заўсёды на першае месца Оле ставіў якасць і бяспеку сваіх тавараў.
Колькі на яго лёс выпала выпрабаванняў! Майстэрня згарала, партнёры абанкруціліся, былі моманты, калі сям’і няма было чаго есці на Раство! Але ж дзякуючы ўпартасці, кемлівасці, блізкім, адданасці сваёй справе, жаданню, каб дзеці з усяго свету атрымалі крутыя цацкі — Оле з сынам Готфрыдам змаглі пабудаваць вялікую кампанію. І сёння яе ведае кожны: дзеці, моладзь і дарослыя.
Гісторыя «LEGO» — класічны прыклад карпаратыўнага сторытэлінгу. Ён ператварае сухія факты ў прыкметны наратыў з героем, канфліктам і перамогай. Мультфільм ачалавечвае кампанію і стварае эмацыйную сувязь з гледачамі. Важная асаблівасць такога фармату — інтэрактыўнасць. Мультфільм дазваляе гледачу «перажыць» гісторыю, а не проста пазнаёміцца з фактамі.
Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №7
Мікіта НЕБЫШЫНЕЦ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
