Фотакамера як люстэрка рэчаіснасці
Творчая фатаграфія — гэта магчымасць сказаць нешта новае
©Віктар Бутра
З фотаздымкамі мы сустракаемся штодзень: праз сацсеткі ведаем, чым снедалі сябры, здымаем сэлфі «на памяць» ці фатаграфуем прыгожы захад сонейка. У такіх кадрах ёсць своеасаблівы вайб, але насамрэч, фатаграфія — глыбокі, складаны і важны кірунак мастацтва. Каб «зразумець» яго, умець па-іншаму бачыць гэты свет — трэба шмат вучыцца. І сёння ў нас будзе першы «занятак». Мы разгледзім творчасць класіка беларускай плёнкі Віктара Аляксандравіча Бутры і паспрабуем вылучыць «правілы» добрага фотаздымка.
Сэлфі ≠ фатаграфія
Калі казаць па-простаму — гэта адно і тое ж, але ў гэтым артыкуле пад «фатаграфіяй» мы будзем разумець твор мастацтва. Розніца паміж двума відамі фота такая ж, як паміж дзіцячым сачыненнем і літаратурай Уладзіміра Караткевіча. Любы прафесійны здымак расказвае нейкую гісторыю. І, як пры чытанні рамана, кожны «чытач» зразумее нешта сваё.
Напрыканцы 1960-х Віктар Аляксандравіч «злавіў» кадр, які ў выніку стане адной з самых пазнавальных ягоных работ. «Натхненне дантыста» было знята падчас размеркавання фатографа ў горад Глыбокае. Тут можна заўважыць боль пацыента, цвярозы розум і ўпэўнены рух доктара, напружаную атмасферу і пытанне: «Што адбываецца?» Пасля ты задаешся яшчэ адным: «Пра што так засяроджана думае лекар?» І затым знаходзіш пэўны адказ.
Вы змаглі пераўтварыць звычайны паход да зубнога ў здымак, які выклікае зацікаўленасць гледача? У вас атрымалася закласці ў кадр філасофскі падмурак? Ён адначасова заварожвае болем ад будучага рыўка і вабіць спалучэннем добрай кампазіцыі і адсутнасцю фарбы? Віншую, атрымалася сапраўдная фатаграфія!
Чаму важна ўмець «спыняцца»
Звычайна фатографы маюць адчуванне ўнутранай мяжы, якую не трэба парушаць. Зрабіць балюча, нашкодзіць герою фатаграфіі, сваім гледачам і самому сабе — рызыкі, якія нясе кожны, хто бярэ ў рукі камеру. Перад рэпарцёрамі, што здымаюць пра сацыяльныя праблемы і катастрофы, будзе стаяць пытанне: «Дапамагчы людзям ці фіксаваць рэчаіснасць?»
Як кажа Віктар, заўжды ёсць асабісты ўнутраны фільтр. І перад тым, як зняць, і перад тым, як апублікаваць кадры. Напрыклад, ягоная серыя пра пажар «Бяда». Рэпарцёр зрабіў шэраг здымкаў пра подзвіг звычайных людзей, што самаахвярна змагаліся са стыхіяй. Беларускі майстар прызнаецца, што не дазволіў бы сабе ўзяць фотаапарат, калі б не рызыкаваў нароўні з іншымі.
Калі ён пад’ехаў да месца бяды — яшчэ толькі-толькі быў заўважны дым, драбіны з бочкай паехалі па ваду.
А гаспадары выскачылі і енчылі на падыходзе да сенцаў. Разам з іншымі ён вёдрамі гасіў пажар, адграбаў віламі сена і… рабіў здымкі. Аднак вада хутка скончылася. Полымя павялічылася яшчэ больш, а пасля як ірванула. Віктар ніколі ў жыцці не бачыў слупа агню на 10 метраў вышынёй. Былі зняты два ролікі плёнкі.
У сусветнай гісторыі даволі шмат прыкладаў, калі фатограф адмаўляецца ад удзелу ў сітуацыях, якія здымае. Паўднёваафрыканскі карэспандэнт Кэвін Картар здымаў Другую грамадзянскую вайну ў Судане. На той час людзі страшэнна галадалі і ААН дапамагала ім, як магла. Картару трапіла на вочы маленькая бездапаможная дзяўчына, якую ён сфатаграфаў. Пазней здымак «Сцярвятнік і дзяўчынка» атрымаў Пулітцэраўскую прэмію, аднак грамадства зненавідзіла фатографа. Вы можаце самастойна прачытаць пра гэта ў інтэрнэце. Я толькі скажу, што няма правільнага адказу на складанае пытанне ў пачатку блока. І, напэўна, ніколі не з’явіцца.
Працяг чытайце на старонках часопіса «Бярозка» №7
Міхась Мурза
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
