Жабрацтва, каханне і вера ў лепшае: як «Маленькія жанчыны» вучаць цаніць
Раман Луізы Мэй Олкат я прачытала, калі ляжала ў лякарні. Маці моцна за мяне хвалявалася, а я, у сваю чаргу, на яе праз гэта часам злавалася:
— Давай я прыеду…
— Не трэба! Займайся сваімі справамі.
— Можа, хочаш чаго-небудзь смачнага?
— Мама, ну хопіць ужо!
Гэта, калі сціпла…
Кніга стала для мяне напамінам пра роль самай блізкай жанчыны ў жыцці кожнага. Калі дачытала апошнюю старонку, зразумела галоўнае: адзіны чалавек, які са мною і за мяне назаўсёды, — мая матуля.
Знаёмства з жанчынамі
Дзеянне рамана разгортваецца ў невялікім горадзе Новай Англіі ў гады Грамадзянскай вайны ў ЗША. Сям’я Марч апынулася ў складанай фінансавай сітуацыі, а бацька быў прызваны на фронт у якасці капелана. У гэты выпрабавальны час чатыры сястры — Мэг, Джо, Бэт і Эмі — разам са сваёй маці не проста выжываюць, а вучацца любіць, дараваць, клапаціцца і знаходзіць радасць у простых рэчах.
У кожнай з дзяўчат свой непаўторны характар, свая «ноша», якую трэба пераадолець. Старэйшая Мэг — прыгожая і адказная, яна марыць аб заможным жыцці, але ў выніку выбірае каханне, а не грошы. Джо — творчая і незалежная бунтарка, палкая і імпульсіўная, яна імкнецца да творчай рэалізацыі і адмаўляецца ад традыцыйнай ролі жанчыны. Ціхая і сціплая Бэт — сапраўдны анёл сям’і: яна валодае музычным талентам і асаблівай чуллівасцю да ўсіх навокал. А самая юная Эмі — амбіцыйная і, бывае, эгаістычная, але з цягам часу яна ператвараецца ў вытанчаную і мудрую маладую жанчыну.
Прыклад місіс Марч: для дачок і для мяне
Іх маці, місіс Марч, засталася без мужа, і цяпер адказнасць за выхаванне дачок лягла на яе плечы. Яна — прыклад мудрасці і цярпення, але аўтарка не робіць яе ідэальнай. Матуля часта не паказвае ім сваіх сапраўдных пачуццяў, імкнецца пражываць усё самастойна:
— Проста я навучылася трымаць сябе ў руках. Лепш выйду моўчкі з пакоя, чым паддамся раздражненню. Ведаеш, на эмоцыях часам можна сказаць такое, аб чым потым усё жыццё будзеш шкадаваць. Таму я імкнуся пабыць адна, каб супакоіцца, — падзялілася сваім сакрэтам з дачкою місіс Марч.
Менавіта ў маці дзяўчынкі вучацца ўсяму. Як змагацца з лянотай, перамагаць страх і стрымліваць злосць:
— Трэба быць ва ўсім прыкладам. І гэта мне дапамагло выканаць асноўную задачу. Стрымлівацца дзеля вас аказалася куды лягчэй, чым проста сачыць за сабой. Калі я «выходзіла з сябе», ваш спалоханы погляд павяртаў мяне да рэчаіснасці. І самай лепшай узнагародай, якую я атрымала за свае намаганні, стала ваша любоў і павага.
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №10…
Наталля ГОЛУБЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
