Чалавечнасць, шчырасць, дабрыня. Змітрок Бядуля як беларускі нацыянальны код
Што для чалавека спачываць у роднай зямлі? Адкажу за сябе: вельмі многае. Мне хоць і 35 гадоў, але ўжо знайшла гэта месца — на пясчаным насыпе каля хутара Дабрагошча, дзе жылі мае прадзяды і прабабулі. Буду побач з імі. І побач з вёскаю Дуброва, якой зараз не існуе. Дамоў і вуліц больш няма, а магілы ёсць. Сувязь з родам і з роднай зямлёй чалавеку проста неабходная. Я так лічу.
Як на гэты конт разважаў Самуіл Плаўнік, мы ўжо ніколі не даведаемся. Але я ўпэўненая: ён не хацеў быць адарваным ад Беларусі.
Перапахаванне пісьменніка ў 2020 годзе было для мяне святам. Другім святам стала ўрачыстае адкрыццё 3 лістапада 2025 года, у дзень смерці, надмагільнага помніка.
Упершыню я пачула імя Змітрака Бядулi на ўроках беларускай літаратуры. Прачытала творы. Папоўніла сямейную бібліятэку «Салаўём». У 2022 годзе па дарозе на Нарач экскурсавод расказала пра Пасадзец і нават падказала, дзе месціцца падмурак школы, у якой некалі вучыўся пісьменнік. Калі працавала з архівам «Бярозкі», часцяком сустракала творы Змітрака, юбілейныя артыкулы творчасць, настальгічныя замалёўкі яго сучаснікаў.
Хто для мяне Змітрок Бядуля? Якое месца займае ў маёй аўтарскай іерархіі айчынных пісьменнікаў? Ён уваходзіць у мой ТОП-5. Нароўні з Максімам Багдановічам.
У нашай шматнацыянальнай краіне кожны літаратурны дзеяч у пэўны момант павінен зрабіць выбар: на якой мове пісаць. У свой час Самуіл і Максім свядома абралі беларускую. Тая іх натхняла, а яны наўзамен ўзбагачалі і праслаўлялі мову.
Беларуская мова мае цудатворныя ўласцівасці. Яна робіць носьбітаў больш чалавечнымі, шчырымі, добрымі. Яна запускае працэс унутранага ўдасканалення і аздараўлення. Эфект — нібы спатоліў смагу святой гаючай крынічнай вадой. Яна разыходзіцца па табе і робіць цябе сабой: сапраўдным беларусам, з поўным найменнем найлепшых нацыянальных рыс. І пакуль ты думаеш і гаворыш па-беларуску, цябе ніхто не зможа адолець, бо ты маеш ахоўную моц.
У дзень, калі адкрывалі надмагілле Самуіла-Змітрака, я была ўражаная. Тройчы.
Раней дэталёва не ведала, дзе і пры якіх абставінах ён кватараваў Багдановіча ў Мінску. Тое, што Самуіл прыняў у сваім доме хворага на сухоты (з адкрытай формай!) Максіма, ды яшчэ саступіў яму ўласны ізаляваны пакой, вельмi кранае. Бядуля клапаціўся аб ім: каб смачна еў, каб заўсёды меліся лекі, каб знаходзіў натхненне ствараць.
Гэты і іншыя невядомыя для мне факты расказвала загадчыца «Беларускай хаткі» Ала Івашкевіч. І як яна расказвала! Кожную падзею з жыцця і дзейнасці Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча нібы яна ўласна пражывала, прапускала праз сябе, пераконвала і зацікаўлівала. У пэўны момант я ўзрадавалася за Змітрака і Максіма: «Недарэмна яны жылі, недарэмна яны стваралі, недарэмна яны клапаціліся пра Беларусь і пра беларусаў. Калі Ала Мікалаеўна праводзіць такія экскурсіі — усё гэта недарма».
А з якім непадробленым хваляваннем выступіў аўтар…
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №11…
Яніна КАРАЛЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
