У кожнай зімовай казкі ёсць канец
З гадамі пачынае неяк па-іншаму ўспрымаць рэчаіснасць. Свет не стаіць на месцы, а прырода паказвае зусім іншы характар. Калi была дзіцём, нават не заўважала, як хутка ідзе час. Кожная пара года запамiналася не перыядам, а асаблівымі рысамі: жоўты кляновы лісток, пякуча-халодная сняжынка, што кранаецца шчакі, лужыны і раўчукі, па якіх весела скакаць у гумовых ботах, сонейка і возера, дзе можна плюхацца, пакуль маці не выцягне са словамі:«Сіняя ўжо, хадзi грэцца». Зараз інакш… Восень — гэта, у першую чаргу, пачатак навучання.
Вясна праз сонейка, што мы так мала бачым узімку, вяртае нам вітамін D, які спрыяе паляпшэнню настрою і дапамагае змагацца са стрэсам. Сонечныя прамяні падтрымліваюць сінтэз інсуліну, баланс мікрафлоры скуры. Дзякуючы гэтаму ў нас узнікае энергія і адчуванне росквіту жыцця, прыемнай узрушанасці, радасці хуткага надыходу «цёплых дзянькоў».
Лета — бестурботны перыяд, які з кожным годам набывае ўсё большую каштоўнасць. Павялічваецца светлавы дзень і падвойваецца тая энергія, што з’явілася ўвесну, таму мы больш актыўныя і паспяваем зрабіць шмат спраў.
І зіма… Пара, няхай і халодная, але яна хавае ў сабе найбольшую колькасць «цяпла» — у чароўна-казачных зімовых святах, сямейных і сяброўскіх вечарах, утульнасці цёплай кватэры, цішыні, чытанні, сузіранні і роздумах.
Нашыя бацькі — тыя ж дзеці, толькі вялікія. У гэты перыяд, яны назіраюць за малымі, замілоўваюцца іх шчырай усмешкай і ўзгадваюць сябе ў дзяцінстве… Як пасля школы, калі зямлю толькі-толькі схавала першая ледзяная скарыначка, і яны, свавольнікі з тугімі заплечнікамі, з’язджалі з горкі на вокладках, як загадвалі жаданні і чакалі цудаў.
Мы, падлеткі, таксама вяртаемся ў не такое далёкае дзяцінства. У шмат каго з нас хутка экзамены, выбар прафесіі, дарослае жыццё, і адарвацца ад будзённага, як гэта рабілі ў маленстве, складаней. А тут яшчэ і зіма не зіма…
Яна згубіла хараство, якім напаўняла кожную душу. Той белы-белы снег, які камякамі кружыў у паветры, храбусценне пад нагамі, танец сняжынак, што згасаюць на далоні. Тое пачуццё, калі ты прачынаешся і бачыш за акенцам блíсканне: на кожнай галінцы блішчыць белы пух, неймавернае дыяментавае сузор’е на шыбах. Памятаеце, як у беларускага паэта Паўлюка Труса:
Падаюць сняжынкi —
дыяменты-росы,
Падаюць бялюткi
за маiм акном…
Расчасалi вiшнi
шоўкавыя косы
I ўранiлi долу
снегавы вянок.
Навукоўцы тлумачаць гэтыя змены экалогіяй, нахілам арбіты зямлі, пацяпленнем клімату, а камунальныя службы дадаткова вычышчаюць снег да шэрага асфальту. Не хапае сапраўднай зімовай казкі. Хочацца, каб зіма зноўку дала пабачыць цуды, што нясцерпна б’юцца ў грудзях кожнага дзіця, каб людзі, незалежна ад іх узросту, маглі , зноў адчуць сябе маленькімі гарэзамі.
I гэта можна зрабіць сваімі сіламі. Часам трэба не хаваць свайго ўнутранага дзіцяцi ад свету і пачаць ставіцца да ўсіх змен з весялосцю. Напрыклад, нашыя далёкія продкі ладзілі Вячоркі, Каляды, спявалі, танчылі, гумарылі, варажылі і разгадвалі таямніцы. Калі зіма была «ў самым разгары», мароз зазіраў у пакоі нацепленых хат, пакідаў маляваныя сузор’і на шыбах, а ўсе людзі дарылі адзін аднаму цяпло ўсмешак і любові…
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №11…
Паліна ПАЎЛОЎСКАЯ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
