Як коміксы і манга ўплываюць на стыль сучасных беларускіх пісьменнікаў?

Сёння цяжка ўявіць свет падлеткаў і маладых аўтараў без коміксаў і мангі. Яны прысутнічаюць усюды: у інтэрнэце, у грамадскім транспарце, у торбах студэнтаў і нават у дыскусіях пра будучыню літаратуры. І хоць у Беларусі традыцыйна больш моцныя карані мае класічная проза, усё больш маладых і сярэдніх па ўзросце пісьменнікаў прызнаюцца, што менавіта манга вучыла іх ствараць дынаміку, а коміксы выстройваць гісторыю.

Калі прыгледзецца да сучасных беларускіх тэкстаў, асабліва маладых аўтараў, што прыйшлі ў літаратуру праз інтэрнэт-супольнасці або праз уласныя блогі, можна заўважыць тэндэнцыю да «кадравых» сцэн. Гэта калі адзін абзац працуе як асобная панэль комікса, напрыклад, у ім сканцэнтравана толькі самае галоўнае: эмоцыя, рэакцыя або дэталь. Тэкст перастае быць суцэльным палатном і становіцца больш мазаічным, але ад гэтага не губляе цэласнасці. Наадварот — такая структура робіць яго асучасненым. Чытач, які прывык да TikTok і хуткіх відэакарцінак, больш ахвотна ўспрымае гісторыю, разбітую на яркія, выразныя фрагменты, i гэта ніяк не прыкмета «спрошчвання»: часам менавіта праз дробны, тонка выбраны кадр можна перадаць тое, што ў класічнай прозе патрабавала б старонку апісання.

Візуальнасць — вось тое слова, якое лепш за ўсё тлумачыць уплыў мангі на беларускую літаратуру. У японскіх коміксах адна эмоцыя можа быць перададзена праз адну лінію, адзін выраз вачэй, адну крошку святла на валасах героя. Пісьменнік не мае пад рукой малюнка, але ён бучыцца знаходзіць эквіваленты ў словах. Таму сучасныя беларускія апісанні сталі больш жывымі: менш «сухога пераліку» і больш настрою, атмасферы, дынамікі. Аўтары часцей ствараюць вобразы не праз факты, а праз інтраспекцыю, праз унутраны візуальны кадр. І калі раней пісьменнік думаў «як гэта гучыць?», то сёння ён задаецца пытаннем: «як гэта выглядае ў маёй галаве і ці змагу я перадаць гэты кадр чытачу?»

Асабліва цікава гэта праяўляецца ў дыялогах: манга не церпіць лішніх слоў — там кожная фраза павінна быць функцыянальнай, як стрэл. У беларускіх аўтараў цяпер таксама заўважна імкненне пазбягаць «перагружаных» дыялогаў. Дзеці і падлеткі, студэнты, гарадскія персанажы размаўляюць так, як і ў жыцці: кароткімі рэплікамі, паўфразамі, слэнгам. Не таму што пісьменнік хоча «падагнаць» пад моду, а таму што гэта натуральны рытм пакалення, якое вырасла на манзе і серыялах. І я сама, калі чытаю такія дыялогі, лаўлю сябе на думцы, што мне хочацца менавіта такой шчырасці.

Сярод беларускіх аўтараў павялічылася і цікавасць да эксперыментаў з формай. Некаторыя спрабуюць ствараць тэксты, якія можна ўявіць як графічны раман, а іншыя, наадварот, пішуць вельмі спавядальную прозу, але арганізуюць яе так, што яна нагадвае манга-дзённік: кароткія ўрыўкі, рэплікі, унутраныя думкі, устаўкі ў стылі «аўтарскіх каментароў», якія выглядаюць амаль як подпісы пад кадрамі. Усё гэта вынік таго, што візуальны наратыў стаў для беларусаў натуральнай часткай штодзённасці. Мы ўжо думаем не толькі «праз сінтаксіс», але і праз рытм і вобраз.

Пры гэтым мне здаецца важным адзначыць і адваротны бок — манга і коміксы ўмеюць выхоўваць у аўтараў дысцыпліну. Гэта не відавочна на першы погляд, але шмат хто з пісьменнікаў прызнаецца, што менавіта коміксная структура вучыць іх планаваць тэкст, бо калі ты думаеш кадрамі, ты пачынаеш больш уважліва ставіцца да кампазіцыі: дзе кульмінацыя, дзе паўза, дзе трэба зрабіць «пусты кадр», каб паказаць цішыню або эмоцыю.

А цяпер невялікія рэкамендацыі ад мяне, як ад чалавека, які сам любіць візуальныя гісторыі і хоча бачыць беларускую літаратуру яркай і смелай. Перш за ўсё, калі вы адчуваеце цікавасць да мангі, не трэба баяцца інтэграваць гэтыя прыёмы ў свае тэксты, але важна таксама памятаць: манга — гэта не толькі вялікія вочы і прыгожыя позы, гэта думка, рытм і выразнасць. Таму пачаць можна з простага, напрыклад, назіраць за тым, як улюбёны аўтар мангі перадае эмоцыю і паспрабаваць ператварыць гэты «кадр» у словы. Я яшчэ заўсёды раю чытаць не толькі прыгодніцкую мангу, але і больш філасофскія працы — бо яны вучаць паўзе і маўчанню, якія часам даражэй за тысячу слоў.

І нарэшце, самае галоўнае для мяне: чытаць як можаш болей розных фарматаў. Я заўсёды кажу сябрам, што творчасць пачынаецца там, дзе ты даеш сабе дазвол сачыць за светам ва ўсіх яго праявах — у малюнках, гуках, тэкстах і эмацыйных дробязях. Чым больш вобразаў у памяці, тым ярчэйшыя гісторыі атрымліваюцца, а беларуская літаратура сёння якраз знаходзіцца ў тым часе, калі яна гатовая да гэтых новых фарбаў!

Ульяна ДАБРАВОЛЬСКАЯ,

СШ №8 г.Гомеля

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *