Тры жаданні

Быў час, калі ўсе мы верылі ў навагоднія цуды, — дзяцінства. Калі маленькi ты з нецярплівасцю чакаеш запаветнага падарунка пад святочнай ялінкай i пад’ядаеш мандарыны, цукеркі, трохі салатаў, якія старанна наразае маці. За акенцам валіць снег, хоць звычайна ў перадсвяточныя дні ні сняжынкі, ні льдзінкі. А калі белая коўдра ўсё ж ёсць — так хочацца, зачарпнуўшы каўняром добры камяк, плюхнуцца ў пухнаты рыплівы сумёт i намаляваць анёла.

У такі дзень дзевяцігадовая Міра чакала навагодняга цуду. А вось яе сястра Тоня — першакурсніца архітэктурнага каледжа — у свае пятнаццаць ужо не верыла ў белабародага дзядулю з падарункамi для паслухмяных дзяцей. Аднак на адзін цуд дзяўчына ўсё ж спадзявалася: здаць сесію на выдатна без падрыхтоўкі. Тоня таму і паступіла пасля дзявятага класа, бо была перакананая: каледж — гэта сапраўдная «лафа», у параўнанні са школай ці ўніверсітэтам. А вучылася яна на спецыяльнасці «Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя».

  • Ды здам я гэтыя экзамены і стыпендыю атрымаю, не хвалюйся! — кожны раз запэўнівала падлетак маці, якая ўпарта працягвала нагадваць дачцэ пра важнасць адукацыі.

Да Новага года заставалася некалькі дзён — значыцца, набліжалася сесія. Малодшая, Міра, у гэты час ужо адпачывала на канікулах і чакала падарункаў:

  • Бабуля мне абяцала падарыць мядзведзіка ў вязаным швэдры, такім жа вялікім, як і ён сам, — выхвалялася перад Тоняй малая, — а дзядуля паабяцаў даць грошы, — дзяўчынка перайшла на шэпт. — Толькі гэта сакрэт ад матулі.
  • Вой, мне хаця б сесію здаць, а на навагоднюю ноч з сябрамі сустрэцца. Матуля пра гэта яшчэ не ведае, аднак тата ўжо адпусціў, — хвасталася Тоня ў адказ.
  • Я таксама вырасту і буду шпацыраваць з сябрамі на Новы год!
  • Але, будзеш.
  • А ты ведаеш што? Я сёння снiла сапраўднага Дзеда Мароза, — Міра прыўстала каленкамі на канапе, каб прашаптаць сястры на вуха, — і ён нешта мне сказаў.
  • Што? —  Тоню заўжды цешыла наіўнасць малой сястры.
  • Што падарыў мне тры жаданні на наступны год. Я магу скарыстацца імі, калі пажадаю.
  • Ну, файна! Ты толькі на лухту ўсялякую іх не страць, — Тоня пасмяялася з аповеду сястры і пайшла на кухню запарваць гарбату.

Надышоў святочны дзень. У кватэры пахла запечаным мясам пад сырнай шапачкай, расолам з-пад хрумсткіх агурочкаў і мандарынамі. Стол накрыты, тэлевізар уключаны — сям’я чакала поўначы, каб запаліць бенгальскія агні і павіншаваць адно аднаго. Адразу пасля бою курантаў Міра пайшла спаць, а Тоня, як і планавала, сустрэлася з сябрамі.

Свята скончылася — пачалася сесiя. Першым у раскладзе стаяў экзамен па архітэктурным дызайне.

  • Ну што там захмарна складанага? — запэўнівала саму сябе дзяўчына. — Маляваць жа я ўмею, інакш не паступіла б. Ай, пагляджу прыклады перад экзаменам і ўсё здам. Нават хвалявацца не буду, — яе тон гучаў максімальна ўпэўнена. Тым больш, аднагрупнікі Тоні былі такой самай думкі — гэта падбадзёрвала. Разам лягчэй перажыць бяду-сесію, i будзе, што ўзгадаць ды з чаго пасмяяцца.

Нарэшце, надышоў час першага экзамену. Адзінаццатага студзеня, дзявятая гадзіна раніцы, трыста дванаццаты кабінет. Чарга з першакурснікаў, будучых дызайнераў і архітэктараў, хаваецца ў цёмным калідоры: установа эканоміць на святле. Тоня вырашыла пайсці ў першай пяцёрцы, каб хутчэй пазбавіцца ад адчування невядомасці.

Усе абвастраюць абставіны, хвалююцца, гартаюць напаўпустыя канспекты ў пошуках хаця б каліўца праўды, падобнай да адказу. Па дызайне спачатку атрымлiваеш адзнаку за прагляд малюнкаў, а пасля — адказваеш на два тэарэтычныя пытаннi. Дзяўчына выцягнула білет, тэму другога пытання бачыла ўпершыню… Распавяла на тройку, але добрая выкладчыца злітавалася і паставіла ажно чатыры балы. Выратаваў Тоню прагляд малюнкаў — атрымала шэсць. Таксама не надта добрая адзнака, але дзякуючы ёй агульная атрымалася пяць.

Тоня спужалася, што астатнія іспыты здасць на такія ж адзнакі. Цi нават горш. А як жа стыпендыя? А што матуля скажа? Няўжо ў каледжы трэба вучыцца нават больш, чым у школе?

Тоня пасунулася дадому, не ведаючы, што рабіць, як паспець падрыхтавацца да наступнага экзамену? Нават падручнік у бібліятэцы прыхапіла, каб хаця б некаторыя тэрміны запомніць, але жорсткія абмежаванні часу не давалі расслабіцца. І тут дзяўчына ўзгадала: малодшая расказвала пра тры жаданні! Мо яна падзеліцца з ёй адным?

  • Міра, Міра, ты дзе? — запы́хаўшыся сказала Тоня.
  • Я тут, што здарылася? — дзяўчына толькі вярнулася са школы і села падсілкоўвацца супам.
  • Ты казала мне пра тры жаданні ад Дзеда Мароза, памятаеш? Можаш падзяліцца са мной адным?
  • А навошта табе?
  • Я заваліла першы экзамен. Зразумела, што да наступнага трэба рыхтавацца, але я наўрад ці паспею вывучыць усё. Я б загадала паспець прачытаць увесь матэрыял, бо зараз гэта фізічна немагчыма.
  • Ой, гэта выходзіць, у мяне не будзе аднаго жадання?
  • Прасі, што хочаш. Толькі падзяліся.
  • Добра! Купіш мне вялікага шакаладнага труса, якога мы нядаўна бачылі.
  • Куплю! Дзякуй.

Тоня «скарысталася» сястрыным жаданнем і села вучыць гісторыю мастацтваў. Прасядзеўшы за падручнікам тры дні, яна i не заўважыла, як надышоў час экзамену.

У аўдыторыю дзяўчына зайшла зноў у першай групе і халоднай спалатнелай  рукой выцягнула білет. Цiхае «фух» зляцела з Тоніных вуснаў. Хутка напісала план адказу ды выйшла першая. Расказваць пачала ўпэўнена і па справе, выкладчык нават спыніў яе на сярэдзіне першага пытання, а пасля — і падчас другога. Падзякаваў за якасную падрыхтоўку і паставіў дзясятку.

  • І праўда спрацавала… — Тонін пагляд выдаваў лёгкі шок.

Дзяўчына пабегла дадому расказаць усiм пра сапраўдны цуд!

  • Ты разумееш — дзесяць! У мяне. Дзясятка. Ды я б у жыццi не вывучыла на выдатна за  тры дні. Мне такі добры білет трапіўся, не тое, што на архітэктурным дызайне, — прасакатала Тоня.
  • Малайчына! — павіншавала дачку маці, — Я казала, што трэба рыхтавацца, ты ж дзяўчына разумная. Хадзі, адпачывай, а пасля — рыхтуйся да наступнага, — маці была шчыра радая поспехам старэйшай дачкі.

Тоня зайшла да Міры ў пакой і зачыніла дзверы.

  • Сястра, слухай, тут вось якая справа. Я здала гэты экзамен на дзесяць толькi дзякуючы твайму жаданню. А можна мне яшчэ адно? — Тоня гаварыла трохі хітраватым, але лагодным голасам, каб сястра ўсё ж дазволіла скарыстацца наступным жаданнем.

Дык у мяне толькі адно тады застанецца… — Міра задуменна паглядзела на сястру, зрабіўшы хвілінную паўзу. — Але ведаеш што? — Малая, якая ну ніяк не любіла мыць посуд ды ўвогуле прыбірацца ў доме, вырашыла скарыстаць момант, —  я падару табе яшчэ…

…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №12…

Вікторыя Сон

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *