Любіла. Люблю. Буду любіць
«За такую зямлю ўсё аддаць можна. Усё»
Уладзімір Караткевіч
Думаю, кожнаму чалавеку знаёма глыбокае пачуццё прыхільнасці. Да сяброў, бацькоў, занятку. Да паездкі ў Оршу я і не думала, што магу быць так моцна прыхільна да месца…
У музеі Караткевіча экскурсавод Анастасія з вялікай зацікаўленасцю і пяшчотай у голасе расказвала нашай групе факты з дзяцінства, маладосці і сталасці пісьменніка. Супрацоўнікі фонду захавалі шмат асабістых рэчаў і фотаздымкаў, якія так і імкнуцца акунуць гасцей у атмасферу жыцця Уладзіміра. Разглядаючы экспанаты і чытаючы цытаты з кніг на сценах, я адчувала на сябе позірк, перажыванні, пачуцці і думкі пісьменніка. «Люблю, люблю, люблю…» — чулася мне з кожнага кутка невялікіх пакояў.
Уладзімір Караткевіч любіў сваю сям’ю, жонку, падарожжы, прыроду, катоў і мяккія цацкі, якія дапамагалі працаваць над чарговым творам. Аднак мне здалося, што больш за ўсё на свеце ён любіў сваю радзіму — Оршу.
Уладзімір быццам расказваў нам пра горад, бо тут няма месцаў, якія абышлі б яго бокам: «Вось тут я жыў, глядзіце», «А вось тут гуляў са сваёй жонкай», «На гэтым месцы пісаў свой раман», «Гэта мая родная школа», «На гэтым пляжы купаўся спякотным летнім днём». Пад канец прагулкі незнаёмая Орша, прасякнутая духам Караткевіча, стала для мяне сяброўкай.
Раптам я ўспомніла пра сваю мілую Касцюкоўку і стала сумна. Зусім хутка мне давядзецца, як і Ўладзіміру, пакінуць нагрэтае гняздзішча і рухацца далей. А колькі ж тут усяго было да мяне, са мной і будзе пасля…
Легенда сцвярджае, што на месца мікрараёна даўным-даўно прыйшлі два браты — Касцюк і Ярома — і падзялілі паміж сабой зямлю. Ярома пабудаваў Яроміна, а Касцюк — Касцюкоўку. Аднак хутчэй за ўсё, тэрыторыю тут асвоіла племя радзімічаў, якія пазней сталі палешукамі і русінамі.
Кажучы дакладна, так званай кропкай росту Касцюкоўцы стаў Гомельскі шклозавод. З 1930-х гадоў пачалося яго будаўніцтва. Гамельчане перабіраліся бліжэй да працы са сваімі жонкамі, дзецьмі. Так з’явіліся першыя камунальныя дамы па вуліцы Кастрычніцкай, дзіцячыя садкі, Дом культуры і мая школа —маленькая і па-свойму ўтульная.
Падчас вайны ў рабочы пасёлак прыйшлі фашысты. Яны рабавалі, забівалі, везлі яго жыхароў на прымусовыя працы ў Германію. Дом культуры немцы ператварылі ў стайню, а ў школе збудавалі майстэрню па рамонце ваеннай тэхнікі.
Пасля вызвалення кожны, хто застаўся тут, усведамляў: неабходна шмат працаваць, бо трэба падымаць калісьці квітнеючую Касцюкоўку з руін, каб перадаць яе нашчадкам.
Праз 80 гадоў Касцюкоўка стала не пасёлкам, а мікрараёнам. Тут ціха, добра і спакойна. Насельніцтва каля 10 тысяч. Ёсць спарткомплекс, стадыён, тры школы, чатыры дзіцячыя садкі, школа мастацтваў, адноўлены Дом культуры, уладкаваны пляж.
Больш за ўсё мне падабаюцца вуліцы, дзе размешчаны не шматпавярховыя будынкі, а жылыя дамы. Прыслухайцеся, іх назвы гучаць нібы словы меладычнай песні: вуліца Рамантыкаў, Садовая, Арэхавая, Кветкавая, Крыштальная…
Я атрымліваю неймаверную асалоду ад шпацыраў, калі ўзімку дрэвы і дахі апранаюць на сябе снежныя коўдры, а вясной клумбы, за якімі даглядаюць старанныя гаспадары, пакрываюць акуратныя бутоны руж і півонь.
Кожны куток у Касцюкоўцы нагадвае мне пра сям’ю, аднакласнікаў і настаўнікаў, першае каханне, растанні, цёплыя праліўныя дажджы і прыгожыя рознакаляровыя заходы. Асабліва вуліцы Басянкова, дзе стаіць школа, і Ламаносава, на якой я жыву.
Як бы мне не хацелася вучыцца ў Мінску, з вялікай неахвотай прыйдзецца развітвацца з Касцюкоўкай. Якое ж задавальненне я атрымала ад таго, што расла менавіта ў гэтым месцы! І як шкада, што толькі цяпер гэта стала зразумела…
Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго любві да Оршы. Яна адкрыла мне вочы і сэрца, нагадала пра маю асабістую моцную любоў да свайго мікрараёна. Класік пісаў: «Быў. Ёсць. Буду». Так і я: любіла, люблю і буду любіць маю Касцюкоўку.
Наталля Голубева
1 курс, журфак БДУ
