Расці высока, «Бярозка»!

Лясы вартуюць цішыню.
 Завеяны да
стрэх раён
 Я помню, як
упершыню
 
Прынёс часопіс паштальён.
 —
Анатоль Вялюгін «Пісьмо часопісу “Бярозка”»

Часопіс «Бярозка» — сапраўдны феномен беларускай культуры, які прайшоў доўгі і няпросты шлях. Ён нарадзіўся ажно ў 1924 годзе, некалькі разоў змяняў назву і фармат, пакуль у 1945 годзе не замацаваўся ў тым выглядзе, у якім мы ведаем яго сёння — пад пяшчотным і светлым імем «Бярозка». 

«Расці высока, “Бярозка”!» — выстава пад такой назвай сёлета праходзіла ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Яна пазнаёміла наведвальнікаў з архіўнымі нумарамі часопіса — ад 20-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. 

Ранейшыя асобнікі найбольш цікавыя. У музейных вітрынах былi размешчаны выданні «Іскры Ільіча» (назва «Бярозкi» у даваенныя часы) — перыядычнае выданне для малодшых школьнікаў, які выходзіў з кастрычніка 1929 да красавіка 1941 як друкаваны орган ЦК Ленінскага камсамола Беларусі і Наркамасветы. Часопіс быў ідэалагічна скіраваным і меў на мэце выхаванне моладзі ў духу таго часу. Рэдактарам быў дзіцячы празаік і паэт Алесь Якімовіч. Друкавалi па 16 старонак, тыражы дасягалі 20 тысяч асобнікаў.

Гартаем нумары 30-х i бачым творы класікаў беларускай літаратуры: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі. Дарэчы, хрэстаматыйны верш Купалы «Хлопчык і лётчык» упершыню быў апублікаваны якраз у ліпеньскім нумары «Іскраў» за 1935 год. Сярод аўтараў таксама сустракаем Андрэя Александровіча, Пятра Рунца, Янку Маўра, Петруся Броўку. Назіраецца значная колькасць твораў рускай літаратуры: Пушкіна, Талстога, Крылова, Біянкі, Барто, Маршака, Маякоўскага, Тургенева і іншых, перакладзеных на беларускую мову.

На пажоўклых старонках сустракаем ілюстрацыі, пераважна чорна-белыя, Анатоля Волкава, Валянціна Ціхановіча, Генадзя Змудзінскага, Канстанціна Геды. З лёгкім трапятаннем разглядаем матэрыялы, што даюць адчуць пульс жыцця, якое сёння ўжо стала гісторыяй. На адвароце вокладкі чэрвеньскага нумара за 1936 год бачым партрэт Максіма Горкага і паведамленне аб яго смерці. Лістападаўскі нумар выйшаў з выявай іспанскага ваяра з аўтаматам і надпісам «España» на вокладцы — у знак падтрымкі рэспубліканцаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. 

У часы Вялікай Айчыннай часопіс не выходзіў: шматлікія друкаваныя органы спынiлі тады сваю дзейнасць. Але пасля вызвалення Беларусі і аднаўлення культурнага жыцця «Бярозка» вярнулася да сваіх чытачоў, да таго ж ужо пад сучаснай назвай. 

На жаль, пасляваенных нумароў у музейным зборы няма і нават віртуальна патрымаць іх у руках мы не можам. Але з гэтага перыяду нам вядомы цікавы факт: нататка «Кніга беларускіх рэбят», апублікаваная ў №5-6 «Бярозкі» за 1946 год, нарадзіла ідэю выдаць зборнік дзіцячых апавяданняў пра вайну. Яна была паспяхова рэалізаваная ў 1948 з выданнем кнігі «Ніколі не забудзем» пад рэдакцыяй Янкі Маўра. Сучасныя чатачы «Бярозкі», напэўна, добра ведаюць гэтую кнігу.

Знаёмімся з нумарамі «Бярозкі» 60-х. З цікавасцю зазіраем пад старыя вокладкі. Часопіс заўважна «патаўсцеў» і цяпер мае 32 старонкі. Адказным рэдактарам значыцца Кастусь Кірэенка, сярод членаў рэдкалегіі чытаем знаёмыя імёны: Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Артур Вольскі, Еўдакія Лось. З «Бярозкай» супрацоўнічалі вядомыя пісьменнікі, якія шмат у чым фарміравалі «аблічча» беларускай дзіцячай літаратуры ХХ стагоддзя. Мастацкім словам выхоўвалі моладзь Генадзь Бураўкін і Эдзі Агняцвет, Алесь Савіцкі і Васіль Хомчанка, Сяргей Новік-Пяюн і Ядвіга Бяганская, Ніл Гілевіч і Канстанцыя Буйло. Для шмат каго з іх гэта быў не проста часопіс, а школа прафесійнага і духоўнага станаўлення. Кастусь Кірэенка падкрэсліваў: «Першае слова рэдакцыя дае літаратурным матэрыялам: апавяданням, вершам, гумарэскам, п’есам. Выхаванне літаратурнымі матэрыяламісамае дзейснае»

Пра што тады пiсалi? Пра Радзіму і партыю, літаратуру і мастацтва, піянерскае і школьнае жыццё. Вока выхоплівае назвы рубрык і артыкулаў: «Партыя — наш рулявы», «Дарагія рысы Ільіча», «Курс на індустрыялізацыю», «Без бога шырэй дарога», «Песні лунаюць над зямлёй», «Вучыся бегаць на каньках», «Беларусь мая родная», «Іх чыталі Маркс і Энгельс», «Ля калыскі беларускага выяўленчага мастацтва», «Зямлі савецкай прыгажосць», «Сям’я жывёлаводаў», «У школьнай майстэрні».

Цана часопіса, дарэчы, не змянялася дзесяцігоддзямі. Сучаснік хутчэй за ўсё здзівіцца, але і ў 1964-м, і ў 1981-м асобнік каштаваў аднолькава — 15 капеек. І вось, нарэшце, на вокладцы вераснёўскага нумара за 1981 трапляецца сціплая нататка, дзе чытачоў  (за тры месяцы!) папярэджваюць, што з 1 студзеня 1982 года часопіс будзе каштаваць 25 капеек. Далей — тлумачэнне: «Гэта звязана з павелічэннем кошту паперы для друку, выдаткаў на паліграфічнае выкананне і дастаўку выданняў падпісчыкам». Кранае такая ўвага і імкненне да адкрытасці перад сваёй аўдыторыяй.

Асаблівы ўздым папулярнасці «Бярозкі» надышоў…

…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №12…

Алена СЯМАШКА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *