Дуэт «DVOE»: трэба «араць»
Сённяшняя музычная індýстрыя здаецца вельмі простай: запісаў трэк, заліў у TikTok — і вось ты зорка. Але ці гэта так насамрэч? Мы сустрэліся з удзельнікамі маладога беларускага дуэта «DVOE» — Уладзімірам Аўчуком і Мікітам Ісаевым, — каб даведацца, ці лёгка быць музыкам, як прасоўваць сваю творчасць, якія перашкоды сустракаюцца на шляху да вялікай сцэны і чаму адлічэнне з Акадэміі мастацтваў — не канец кар’еры.
Наша размова адбываецца ў невялікай кавярні. Хлопцы толькі што вярнуліся з рэпетыцыі, трохі стомленыя, але адкрытыя да гутаркі. Яны не проста калегі, а сапраўдныя сябры, якія разумеюць адзін аднаго з паўслова. Я пачынаю з простага пытання “Чаму менавіта «Двое»?” Назва гучыць настолькі проста, што адчуваецца нейкі падвох.
Уладзiмiр: Мы абодва выйшлі з калектыву «Брэнд Бай», які я і яшчэ некалькі чалавек заснавалі ў 2018 годзе. Мікіта далучыўся да гурта не адразу. Мы паспяхова выступалі, але потым здарыўся кавід і ўсё крыху заціхла.
Мікіта: Так. Мы з Валодзем сябруем больш за 10 гадоў, таму вырашылі сыходзіць разам і працягваць тое, што рабілі, але ўжо самастойна. Наконт назвы мы доўга думалі. «DVOE» — гэта было штосьці з серыі: «Калі не прыдумаем нічога лепшага, няхай застанецца так». А калі з’явіліся першыя канцэрты, паўстала пытанне: «Як называцца?» Мы вырашылі: ну, нас двое, значыць — «Двое» (напаўжартам распавядаюць хлопцы, заўв. аўтара).
Два розныя шляхі на адну сцэну
Гледзячы на іх, складана ўявіць, наколькі рознымі сцежкамі хлопцы ішлі да сваёй мары. Уладзімір — прыклад звычайнага працаздольнага хлопца з рэгіёна. А гісторыя Мікіты — гэта сюжэт для фільма пра мяцежніка, што змагаецца супраць усiх шаблонаў, і які ўрэшце знаходзіць сябе.
У: Я вясковы хлопец з Бярэзінскага раёна, у дзяцінстве марыў стаць лекарам ці кухарам. Але матуля, якая была дырэктарам сельскага Дома культуры, аднойчы папрасіла паўдзельнічаць у раённым конкурсе: не хапала людзей. Я заняў першае месца і мяне накіравалі на рэспубліку, а там — атрымаў другое. Пасля 9-га класа я сказаў маці, што паступлю ў каледж мастацтваў, атрымаў дыплом і адразу трапіў салістам у Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл, паралельна вучыўся ў педагагічным універсітэце на факультэце эстэтычнай адукацыі.
— А навошта пасля каледжа яшчэ і педагагічны?
У: Шчыра? Мацi ўвесь час казала, што патрэбная «скарыначка» аб вышэйшай адукацыі. У той момант я рабіў усё дзеля мамы. Але сёння разумею, што гэта было карысным. Напрыклад, зараз мы з Мікітам будзем працаваць у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. І без вышэйшай адукацыi, зразумела, туды не бяруць.
М: У мяне гісторыя не для дзяцей, — смяецца. — Але падлеткам магу параіць: не паўтарайце маіх памылак. Я нарадзіўся ў музычнай сям’і, бацька — заслужаны артыст. З дзяцінства хадзiў на фартэпіяна, дзе пяць гадоў пакутаваў, але так яго і не палюбіў. Пасля школы пайшоў у каледж мастацтваў, але праз паўгода мяне адлічылі за непаспяховасць.
Каб зарабляць грошы, пачаў працаваць у караоке… Потым быў хор музычнага тэатра, адкуль мяне папрасілі сысці, бо не было адукацыі. Паступіў у Акадэмію мастацтваў на акцёра музычнага тэатра, але праз паўгода i адтуль адлічылі, бо тады шмат працаваў у караоке і «забіў» на навучанне. Нейкі час працаваў кладаўшчыком, потым — менеджарам. І толькі пасля гэтага ў маім жыцці з’явіўся «Брэнд Бай», выхад на прафесійную сцэну.
Зараз мы працуем на сябе, i да мяне прыйшло разуменне, што прафесійная адукацыя ўсё адно патрэбна. І вось, у 27 гадоў, нарэшце, я пайшоў яе атрымліваць.
Парады маладым музыкам: «Рыхтуйцеся араць»
Слухаючы песні гурта, разумееш, што за лёгкасцю і харызмай на сцэне хаваецца велічэзная праца. Я прашу іх даць некалькі парад для нашых чытачоў, якія, магчыма, таксама мараць стварыць свой гурт.
М: Трэба разумець, што музыкант — гэта той жа прадукт. Цябе павінны ведаць, бачыць і чуць. Трэба ўкладваць грошы і сілы ў рэкламу. Сёння, дзякуй Богу, ёсць Instagram, бо тэлебачанне ўжо не дае такога выніку.
У: Трэба якасна і рэгулярна весці сацсеткі. І трэба «араць». Маю на ўвазе: выкладвацца на ўсе 100%. «Араць» на рэпетыцыях, «араць» на канцэртах. Не можа быць такога: «А, і так сыдзе». Інакш цябе проста не будуць нiкуды запрашаць.
— Як навучыцца бачыць свае памылкі з боку?
М: Запісвайце сябе на дыктафон — слухайце, на відэа — глядзіце, куды вы пайшлі, якая нота няправільная. Штодзённы самааналіз. І абавязкова знайдзіце выкладчыка. Голас — гэта
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №1…
Міхась МУРЗА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
