Як абіралі мужа ды жонку?

Калi любiшь, то жанiся, а не любiш —  

У народным календары было некалькі часавых адрэзкаў, калі моладзь магла нагледзець будучага нарачонага ці нарачоную, а былі такія — калі нявестку ці зяця нагледжвалі ў сям’ю бацькí.  Што перш за ўсё цікавіла ў кандыдатах — чытайце ў матэрыяле.

«Які род, такі і плод» — цанілася паходжанне, аўтарытэт сям’і. Па-другое, каб людзі былі здаровыя. Па-трэцяе, каб былі дастаткова заможныя, але не надта адрозніваліся па сацыяльным становішчы, каб не было рознагалоссяў ды спрэчак. Прыняцце у сям’ю хлопца («пайшоў у прыймы») патрабавала такту. Глядзелі на працавітасць, кемлівасць. Казалі: «Шукай жонку не ў карагодзе, а ў агародзе» і «З тварам да вянца, а з розумам да канца», — бо жыць будзешь з цэлым чалавекам, яго ведамі, падыходам да жыцця, навыкамі і характарам, а не толькі прыгажосцю. «Пахваліся жонкай не заўтра, пасля вяселля, а дзяцей маючы», — прымаўка разгортвала перад маладым найважнейшую мэту шлюбу. Прыгажосць выбранніцы павінна была не толькі лашчыць вока, але і сведчыць пра яе здароўе ды магчымасць працягнуць род.

Маладых з рознымі складамі характару стараліся зводзіць парамі: калі адзін бойкі, то другую падбіралі рахманую. Адзін задуменны, меланхалічны — другая вясёлая. Імкнуліся да гармоніі, узаемнай кампенсацыі характараў і здольнасцей.

Будучая свякроў шукала нявестку добрую, сціплую, цягавітую. Хоць у вясельных спевах пелася, што «свякроўка — не мамачка», але менавіта яна навучала маладую гатаваць, працаваць па гаспадарцы ды гадаваць дзяцей.

Усіх родных можна было паглядзець на вялікіх сямейных святах. Вяселле, калі з’язджаліся ўсе родзічы, ладзілася па некалькі дзён, каб паспелі, так бы мовіць, развязацца языкі і праявіцца характары. Назіралі за перадачай пасáгу, па якім можна было судзіць пра заможнасць сям’і, шчодрасць у дачыненні да дзяцей. Падмячалі, ці ёсць сярод родзічаў хворыя, як выбудаваная іерархія, хто як поводзіцца і як вырашаюцца спрэчныя сітуацыі.

Нявестаў глядзелі падчас розных святаў: калі ішлі на багамолле, калі ладзілі скокі ці карагоды. І каб паказаць дастатак сям’і, апраналі найлепшыя строі. Аднак людзі ведалі: «Цнота даражэй срэбра і злота» і «Адзенецца як пава — але дурнáя слава».

Вялікае значэнне надавалася чысціні, асабліва сярод дзяўчат, бо гэта ўплывала на здароўе дзяцей. Але і ад хлопца чакалася маральнасць. Фалькларысты занатавалі вясельны адрад «Пасад », калі перед адпраўкай на вянчанне маладую і маладога дома саджалі на дзяжу з пажаданнямі здароўя і плоднасці. Падчас гэтага абраду брат або іншы блізкі сваяк браў нявесту за руку і тройчы падводзіў да пасада — дзяжы, што стаяла ў самым пачэсным месцы хаты — на покуці, пад абразамі. У час пасаду нявеста трымала ў руках кубачак вады, альбо яго ставілі на падлогу каля яе ног, на калені клалі хлеб, соль, воўну, лён, часта галінку яблыні ці вішні. Калі жаніх ці нявеста страцілі сваю некранутасць, то яны баяліся садзіцца на дзяжу. Нявесту, што не захавала цнатлівасць (у чым яна сама прызнавалася), садзілі проста на лаву. Калі б нявеста, будучы нецнатлвай, села на дзяжу, гэтым самым яна б наклікала розныя няшчасці: неўраджай, хваробы, смерць на сваю будучую сям’ю і сям’ю сваіх бацькоў.

Адзін з фалькларыстаў апісаў выпадак, калі разгублены бацька з горыччу папракнуў жаніха:  «Крыва пачаў — крыва і будзе».

Не трэба думаць, што толькі бацькí вырашалі за дзяцей, з кім ім ісці пад вянец. Хоць мы ведаем шмат народных сумных песень і балад пра няшчаснае каханне і няроўныя саюзы, але на практыцы бацькі часта прыслухоўваліся да сімпатый моладзі.

У доўгія асеннія ці зімовыя вечары ў хатах праходзілі вячоркі, дзе дзяўчаты ладзілі то капуснікі, то сýпрадкі: працавалі дружнай кампаніяй, куды хлопцы прыносілі пачастункі. На такія сустрэчы запрашалі музыкаў ды напрыканцы ладзілі скокі. Тут моладзь і нагледжвалася, і прымервалася. Кульмінацыяй жаніхоўства была «Жаніцьба Цярэшкі», што адбывалася на Каляды. Сутнасцю гульні было жартаўлівае вяселле з імітацыяй вясельных абрадаў, песень, танцаў. Аднак яе функцыя была вельмі сур’ёзная — не толькі падштурхнуць моладзь да стасункаў, але і даць ім бяспечна адчуць сябе у парах з рознымі прэтэндэнтамі. Гульня праходзіла пад наглядам старэйшых і дапускала некаторы рамантычна-жартлівы элемент: скокі, абдымкі. «Свацця» старалася знайсці пару для ўсіх прысутных. Былі і «бацька з маткай», да якіх хлопец прыводзіў кандыдатку і казаў:

Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №4…

Вераніка СЯРДЗЮК

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *