Шлях у таэквандо праз спарынг: што адбываецца падчас бою на даянзе

Імгненная рэакцыя на рух саперніка, кантроль дыхання і вагí, цвёрдая дысцыпліна за межамі залы. Падобныя асацыяцыі ўсплываюць у думках пры згадванні таэквандо — баявога мастацтва, якое зарадзілася ў Карэі і дзе перамога вырашаецца за секунды. Для студэнтаў Мінскага гарадскога вучылішча алімпійскага рэзерву гэты напрамак патрабуе поўнай аддачы: тэхнічная падрыхтоўка тут ідзе поплеч з псіхалагічнай устойлівасцю і ўменнем працаваць на вынік. Больш падрабязна пра асаблівасці спорту нам раскажа трэнер-выкладчык Антон Бабакоў:

— Таэквандо — гэта від усходняга адзінаборства. Хвосткія, нечаканыя ўдары нагамі — менавіта яны прыносяць перамогу. У аснове ляжаць два напрамкі, два зусім розныя сусветы. Пхумсэ́ — тэхніка ў чыстым выглядзе. Спартсмен застаецца сам-насам з даянгам і выконвае паслядоўны комплекс рухаў. Тут няма саперніка: толькі вы, ваша дакладнасць, баланс і канцэнтрацыя. Своеасаблівая медытацыя ў руху. А ёсць керугі́ — сапраўдны паядынак. Тут важна ўмець імгненна рэагаваць, пралічваць саперніка на некалькі крокаў наперад, кантраляваць дыханне і пры гэтым дакладна ўдараць. Разам пхумсэ і керугі складаюць таэквандо.

Керугі і тры кіты падрыхтоўкі

У аснову падрыхтоўкі ў МДГВАР закладзены спарынг. Правяраецца ўсё: тэхніка, характар, фізічная падрыхтаванасць і халодны разлік. Сам жа трэніровачны працэс літаральна выбудаваны вакол трох кітоў:

  • Тэхнічная падрыхтоўка, або адпрацоўка асноўных удараў. Спартсмен павінен укладваць іх у цягліцавую (мышачную) памяць, літаральна даводзячы рухі да аўтаматызму. З часам нага быццам сама будзе знаходзіць цэль.
  • Да агульнафізічнай падрыхтоўкі адносяць развіццё хуткасці, сілы, каардынацыі, гнуткасці і цягавітасці. Гэта база, без якой не вытрымаць і пары раўндаў. Цела павінна быць гатовым да нагрузак.
  • А тэхніка-тактычная падрыхтоўка мае на ўвазе мадэляванне спарынгавых сітуацый, адпрацоўку паядынкаў і стандартных камбінацый. Менавіта тут гартуецца баявое мысленне: здольнасць чытаць суперніка, прадбачыць яго крокі і дыктаваць сваю тактыку.

У таэквандыстаў існуе свая спаборніцкая іерархія. Спачатку ідзе першынство Беларусі сярод кадэтаў (юнакоў і дзяўчат 12-14 гадоў), якія яшчэ толькі спрабуюць свае сілы на сур’ёзным узроўні. Потым Алімпійскія дні моладзі для юніёраў 15-17 гадоў і першынство краіны сярод спартсменаў да 21 года. А галоўная падзея, да якой вядуць рэгулярныя трэніроўкі, — чэмпіянат Беларусі сярод мужчын і жанчын.

Раўнавага цела і халодны розум

Таэквандо не цярпíць слабых месцаў. Цела пры трэніроўках развіваецца цалкам, але ёсць якасці, без якіх спартсмен не здольны выйсці на даянг. Перш-наперш неабходная каардынацыя. Каб трапіць у цэль, трэба правесці нагу па правільнай траекторыі, пры гэтым утрымліваючы раўнавагу на адной назе. А пасля ўдару з развароту ці ў скачку яшчэ і імгненна зарыентавацца ў прасторы. Памылка ў долі секунды і спартсмен ужо можа прапусціць сустрэчны ўдар. Таксама таэквандысту не варта забываць адпрацоўваць хуткасна-сілавыя якасці.

Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №4…

Кацярына КОРАНЬ

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *