У якія папулярныя гульні можна згуляць на роднай мове?
Калі вы зойдзеце на Steam — самую папулярную ў свеце відэагульнявую пляцоўку — і паспрабуеце адфільтраваць гульні па наяўнасці беларускай мовы, вынік можа крыху збянтэжыць. Налічваецца трохі больш за 2000 праектаў. І здаецца, што гэта не так ужо і мала для вялізнай індýстрыі, але ўсяго гульняў у Сціме ажно 130 ТЫСЯЧ, а ў гэтыя дзве тысячы ўваходзіць усялякае інды ці зробленае менавіта беларусамі. Ды сама функцыя адлюстравання беларускай лакалізацыі ў краме з’явілася зусім нядаўна, няпоўныя чатыры гады таму.
Але што рабіць, калі хочацца пагуляць у сусветна вядомыя хіты на роднай мове? На дапамогу прыходзіць моцнае мясцовае кам’юніці — суполка неабыякавых людзей і сапраўдных паклоннікаў. Менавіта яны ў свой вольны час робяць тытанічную працу: адаптуюць і перакладаюць гульні, якія ва ўсіх на слыху, каб мы маглі атрымліваць асалоду ад іх на пяшчотнай мове. Мы падрыхтавалі падборку хітоў, якія, дзякуючы рукам добрых фанатаў, нарэшце загаварылі па-беларуску.
Baldur’s Gate III
Пачнём з мастадонта. Гульня, якая літаральна разарвала ўсе магчымыя чарты ў 2023 годзе і працягвае збіраць узнагароды нават сёння. Што тут казаць, нават у тую хвіліну, пакуль пішуцца гэтыя радкі, у гульні знаходзяцца каля 60 тысяч чалавек! BG3 найлепшы прыклад таго, як можна ідэальна перанесці правілы настольнай ралёўкі (D&D 5-й рэдакцыі) на рэйкі камп’ютарнай RPG. І на наша вялікае шчасце, гэты гіганцкі праект на ўсе 100% перакладзены на беларускую. Асабліва прыемна было бачыць падчас праходжання правільна напісанае імя аднаго з культавых кампаньёнаў галоўнага героя — следапыта-варвара, якога клічуць Мінск (так-так, аўтарамі ён быў названы менавіта ў гонар нашай сталіцы!) БГ3 далёка не першы раз з’яўляецца на старонках нашага часопіса, таму калі вам падабаецца добры эпас, вельмі раім пагуляць!
Disco Elysium
Дзецішча эстонскай студыі ZA/UM, якое па духу такое блізкае кожнаму з нас. Гэта найглыбейшая ролевая гульня, якая дае магчымасць адчуць сябе кімсьці іншым — у нашым выпадку, гаротным афіцэрам паліцыі ў горадзе Рэвашоль. Тут змяшаліся палітыка, містыка і экзістэнцыяльны крызіс. Гэта так клёва — гуляць у настолькі постмадэрнавую гульню і бачыць перад сабой сакавітую, “неразведзеную» беларускую мову. Дарэчы, асаблівасцю фанацкай мадыфікацыі з’яўляецца яшчэ і пераклад тэкстур — гэтым не можа пахваліцца нават афіцыйная рускамоўная лакалізацыя! Чакаем яшчэ перакладу кнігі-першакрыніцы на беларускую, і тады ў Элізіуме можна будзе паросту растаць, гуляючы цалкам на роднай мове.
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №4…
Cяргей Старычонак
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
