Нешта большае, чым простая музыкаТаямнічы свет Ільі Мазелава

Хлопец з марай пра 50 тысяч падпісчыкаў.

Многія ведаюць Ілью Мазелава (MZLFF) як вясёлага стрымера з Twitch, які пачынаў свой шлях яшчэ ў школе. Тады яго галоўнай мэтай былі лічбы падпісчыкаў, а бацькі лічылі захапленне сына «несур’ёзнай забавай». Але Ілья даказаў: калі верыць у сваю мару, можна не толькі сабраць мільённую аўдыторыю, але і стаць сапраўдным артыстам і збіраць стадыёны.

Нягледзячы на вобраз іранічнага блогера, у душы Ілья заўсёды заставаўся лірыкам. «Я шмат чытаў у школе і ва ўніверсітэце, таму ў маёй творчасці акцэнт на сэнсы», — прызнаецца артыст. І яго альбом «Phantasmagoria», які выйшаў у верасні 2025 года, стаў таму найлепшым пацверджаннем. Гэта маштабная гісторыя, якая складаецца з васьмі трэкаў. Каб слухачам было прасцей акунуцца ў атмасферу, да кожнага трэка створана спецыяльная мультыплікацыйная анімацыя. Гэтыя «мульцiкi» дапамагаюць літаральна ўбачыць сюжэт, зразумець эмоцыi герояў і разам з iмi пражыць кожны момант.

Лабірынты «Фантасмагорыі»

Гісторыя разгортваецца вакол закінутага парку атракцыёнаў, якім кіруе таямнічы Альфрэд. Калісьці гэта было месца радасці, але адна трагічная выпадковасць на аўтадроме з дзяўчынкай, у якой былі дзве сінія касічкі, змяніла ўсё. Тое, што здарылася з дзіцём, прывяло да запусцення парку. Альфрэд, баючыся адказнасці, змог замяць справу праз паліцыю, але ад уласнага сумлення ўцячы не атрымалася. Парк запусцеў, а Альфрэд, схаваўшы твар за маскай мядзведзя, застаўся там адзін на адзін са сваім вар’яцтвам. Яго акружаюць душы наведвальнікаў, якія калісьці назаўжды засталіся тут па яго віне — з-за няспраўных механізмаў і абыякавасці. Яны трымаюць яго ў «медленным танцы» адчаю, з якога няма выхаду. Але аднойчы ў закінутым полі з’яўляецца маленькая Нюта. Яна не баіцца прывідаў і бачыць у Альфрэдзе свайго лепшага сябра.

Сімфонія жыцця і ценяў

Разам з героямі мы праходзім праз увесь парк, дзе кожны атракцыён — гэта новы этап іспыту для душы:

  • Карусель: Альфрэд запускае старыя механізмы для Нюты. Дзяўчынка шчыра ўсміхаецца, хоць і бачыць пабітых коней і іскры правадоў. Раптам механізм замыкае, і карусель спыняецца, што вельмі засмучае малую. Альфрэд, пераадольваючы страх перад непаладкамі, уключае яе зноў, каб вярнуць дзяўчынцы ўсмешку. Гэта падкрэслівае храбрасць Нюты — яна нібы ведае, што ў гэтым парку ёй нічога не пагражае.
  • Пакой смеху: Гэта месца становіцца пасткай. Прывіды, закутыя па той бок люстэркаў, крычаць Нюце пра небяспеку, баючыся, што яна паўторыць іх лёс. Яны моляць вышэйшыя сілы аб літасці, бо «нельга сыходзіць двойчы». Але дзяўчынка не чуе іх і толькі весела смяецца. 
  • Аўтадром: Момант ісціны і вяртанне ў той самы злавесны дзень. Калі Нюта садзіцца ў гоначны карт, Альфрэд ловіць жудасны флэшбэк: ён бачыць тую самую сцэну з мінулага, тыя ж сінія косы пад шлемам. Спрабуючы выратаваць дзяўчынку і не дапусціць паўтарэння трагедыі, ён рэзка спыняе машынку і выцягвае Нюту, чым моцна яе крыўдзіць. Дзяўчынка ў слязах сыходзіць, а пазл у галаве Альфрэда нарэшце складваецца цалкам.

Філасофскі эпілог

Фінал гісторыі — самы моцны момант. Нюта садзіцца на атракцыён «Свабоднае падзенне», а Альфрэда чакае самае жудаснае адкрыццё: Нюта аказваецца не проста госцяй, а рэінкарнацыяй той самай дзяўчынкі, чый шлях перарваўся на гэтым аўтадроме падчас няшчаснага выпадку. Яна вярнулася, каб адкрыць вочы Альфрэду на яго сапраўдную віну. Таксама выяўляецца, што парк — гэта не проста груда жалеза, а жывая істота, якая ўвесь гэты час «дапамагала» Альфрэду схадзіць з розуму, прымушаючы яго затрымліваць новыя душы.

Парк, як бы знаходзячы злавеснае аблічча, ставіць Альфрэду ўльтыматум: альбо Нюта застанецца прывідам назаўжды, альбо ён сам павінен пакінуць гэты свет. Альфрэд выбірае шлях ахвярнасці. Ён распавядае сапраўдную гісторыю парку дзяўчынцы, прызнае сваю віну і знаходзіць свой спакой пад абломкамі чортавага кола, якое падае прама на яго. Гісторыя заканчваецца сімвалічным кадрам: Нюта вешае галаву ад касцюма мядзведзя над уваходам у парк — як знак таго, што гэтая казка скончана. У якасці завяршальнага акорда гучыць радок, пасля якога пазл складваецца ў адзінае цэлае: «Ніхто яшчэ не ажываў, ёй дазваляюць шпацыраваць», — Нюта, як першая ахвяра, мела асаблівы дар.

Валер’янка для фантазіі

Пасля рэлізу альбома ў інтэрнэце пачаўся сапраўдны бум: фанаты пабудавалі сотні тэорый, разбіраючы кожны кадр анімацыі і кожны радок тэксту. Хтосьці лічыць, што Нюта — усяго толькі плод фантазіі Альфрэда, а хтосьці ўпэўнены, што дзяўчынка была прывідам з самага пачатку і толькі вяла героя да пакаяння. У кожнага, хто праслухае гэты альбом, можа скласціся свая асабістая версія трактоўкі сюжэта, якая можа не супадаць з маёй. Але ў гэтым і заключаецца галоўнае хараство «Фантасмагорыі»: Ілья Мазелаў даў нам поўную волю для фантазіі. Гэта праца атрымалася вельмі філасофскай, бо артыст стварыў гісторыю з мноствам сэнсаў, якую кожны можа зразумець і адчуць так, як захоча менавіта ён.

Чаму гэты альбом «чапляе»? Сакрэт у тым, што кожны трэк і мультыплікацыя да яго маюць сваю асаблівую, непаўторную атмасферу. Тэксты Ільі напоўнены цікавымі фразеалагізмамі і трапнымі метафарамі, якія хочацца разбіраць на цытаты. А музыка — то трывожная, то вясёлая, то меланхалічная — дазваляе нам з галавой акунуцца ў змрочную і загадкавую гісторыю «Фантасмагорыі». Гэта сапраўднае мастацтва, дзе гук і малюнак працуюць як адно цэлае.

Каб цалкам зразумець гісторыю, слухайце альбом (і глядзіце мультфільмы!) строга ў гэтым парадку:

  1. Мало-помалу (Памалу-патроху);
  2. Phantasmagoria (Фантасмагорыя);
  3. Карусель (Карусель);
  4. Комната смеха (Пакой смеху);
  5. Свободное падение (Свабоднае падзенне);
  6. Эпилог (Эпілог).

 

Аляксандра ЯСТРЭМСКАЯ,

СШ №5 г.Рагачова, 11 клас

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

 

0

One thought on “Нешта большае, чым простая музыкаТаямнічы свет Ільі Мазелава

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *