Імя, якое гучала на ўвесь свет

Некалькі дзён таму, 28 чэрвеня, выдатны беларускі велагоншчык Васіль Кірыенка святкаваў сваё 45-годдзе.  Спартсмен, дзякуючы якому ўвесь веласіедны свет загаварыў аб Беларусі, ужо некалькі гадоў адпачывае на «пенсіі», але гэта не дазваляе нам забыць пра яго поспехі. Чым менавіта знакаміты наш «бусел» — чытайце ў матэрыяле.

Пачатак кареры

Васіль Васільевіч Кірыенка нарадзіўся 28 чэрвеня 1981 года ў Рэчыцы. Веласпортам зацікавіўся змалку, у дзесяцігадовым узросце пачаў займацца ў мясцовай ДЮСШ  (Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе) пры Рэчыцкім райвыканкаме. Там ён робіць першыя крокі ў спорце, перамагае на першых спаборніцтвах. Упершыню на міжнародны ўзровень выйшаў у 1999 годзе, калі прыняў удзел у Чэмпіянаце Свету, які праходзіў у італьянскім Трэвіза. У юнацкім узросце трэнеры падкрэслівалі яго галоўную асаблівасць: вельмі моцную цягавітасць. Менавіта гэтая якасць зрабіла яго адным з самых элітных «матораў» сусветнага пелатону. На пачатку 2000-х Васіль пачынае перамагаць на чэмпіянатах Беларусі ў індывідуальных гонках з паасобным стартам («паасобках»). Пасля Алімпіяды-2004 ў Афінах хлопец аддаў перавагу шашэйнаму веласпорту, хаця з’яўляўся наймацнейшым у Беларусі на трэку. У 2005 скончыў БДУФК па спецыяльнасці «трэнер-выкладчык».

Першыя прафесійныя кантракты

Першай вялікай камандай для Кірыенкі стаў нямецкі «T-Mobile», менавіта там ён у 2006 годзе убачыў што такое World Tour і з кім яму прыдзецца змагацца. Праз год ён апынуўся ў «Tinkoff Credit Systems» і свет паціху пачакаў цікавіцца беларусам, які «зорак з неба не хапае», але выдатна працуе на сваю каманду ды стабільна заязджае на вышэйшыя радкі ў гонках другога дывізіёну. У 2008 здарыўся сапраўдны прарыў: Васіль стаў чэмпіёнам Свету на трэке, перамог на чэмпіянаце Беларусі на шашы, а таксама здабыў перамогу на 19 этапе элітнейшай «Giro D’Italia». Перамога ў Італіі на Монтэ-Пара стала сапраўднай дэманстрацыяй сілы нашага хлопца. Пасля гэтага Кірыенка перайшоў у вельмі моцны іспанскі «Movistar», дзе і зарэкамендаваў сябе як аднаго з наймацнейшых грэгары (памочнікаў) Свету. Але ён пакідаў і прастор для сябе. Так, на «Тур дэ Франс-2010» ён заняў другое месца на адным з этапаў, здолеўшы збегчы з пелатону. Тады ён паказаў што длінныя атакі — таксама яго моцны «туз у рукаве». Праз год ён заняў шостае месца у агульным заліку французскай тыднёвай гонкі «Criterium du Dauphine», а за месяц да гэтага зноў здолеў перамагчы на этапе ў Італіі. Тая перамога ўвайшла ў гісторыю веласпорту, яна стала адным з самых кранальных момантаў у сучасным веласпорце. За некалькі дзён да гонкі трагічна загінуў яго паплечнік Хаўер Тонда, таму на фінішы Васіль падняў палец у неба і прысвяціў перамогу сябру. Таксама ў той год ён здолеў перамагчы на этапе іспанскай «Вуэльты», тым самым здабыўшы перамогу на 2/3 грандтураў. У 2012 годзе ён атрымаў прапанову, ад якой немагчамы адмовіцца, прапанову, якая змяніла ўсё яго жыццё. У той час вельмі моцнай была брытанская каманда «Team SKY». Гэта не «Рэал Мадрыд» у футболе ці зборная Нарвегіі ў біятлоне, гэта нешта большае. Брытанцы дамініравалі ў пелатоне больш, чым брытанскі флот у часы Гарацыа Нэльсана. У 2013-2019 толькі аднойчы (у 2014) на Тур дэ Франс перамог не іх гоншчык, вось якая моц была ў гэтай каманды. Атрымаць прапанову перайсці да іх было суперпрэстыжна, і Васіль ні на хвіліну не сумняваўся.

Team SKY

Вялікая камада складаецца з вялікіх гоншчыкаў, вялікіх лідараў, якія пакідаюць у цені тых, хто «цягае раяль». Менавіта на «чарнавую» ролю і прыходзіў Кірыенка, якога потым называлі «рухавіком каманды». Быць «даместыкам» такіх людзей як Крыс Фрум, Сэр Брэдлі Уігінз, Герайнт Томас і іншых, гэта вялікая прывілегія, але і такога грэгары як наш Васіль мелі не ўсе. Кожны гоншчык у пелатоне ведаў: калі Васіль Кірыенка выязжаў на першую пазіцыю ў групе ды пачынаў «малаціць» — лідары «Скай» абаронены і брытанцаў ніхто не пераможа. Але боссы разумелі, што і беларусу трэба даваць шансы атакаваць і ўязджаць за перамогамі на асобных этапах, так было ў Іспаніі на гары Пенья-Кабарга ў першым сезоне ў новай камандзе. З гадамі Васіль стаў незаменным у тактычных пабудовах брытанцаў, а Сэр Дэйв Брэйлсфард, кіраўнік «Скай» аднойчы сказаў: «Кірыенка — гэта чалавек, які можа ехаць на мяжы сваіх магчымасцей нават не мяняючыся ў твары». Гэта апісанне максімальна дакладна адлюстроўвае яго характар: стрыманы, спакойны ды вельмі працалюбівы. У 2015 годзе ён стаў сапраўдным каралём «паасобак»: ён выйграў адразу 5 прэстыжных індывідуальных гонак! Загібайце пальцы: этап «Giro D’Italia», еўрапейскую аднаднеўку «Chrono des Nations», Еўрапейскія Гульні ў Баку, Чэмпіянат Беларусі і самае галоўнае — Чэмпіянат Свету ў ЗША! Вось так у 2015 годзе «вясёлкавая» майка насуперак усім прагнозам упершыню прыехала ў Беларусь. Усяго за годы кар’еры Васіль заваяваў пяць медалёў на ЧС, але залаты — толькі адзін. У 2016 у Рыа ён вынасіў беларускі сцяг на АГ, але на саміх гульнях поспехаў не было, толькі 19 месца ў «паасобцы». Яшчэ некалькі гадоў ён стабільна катаўся ў складзе брытанцаў, дапамагаў лідарам. Калі ён скончыць кар’еру, адзін з боссаў «INEOS» (каманда змяніла назву ў 2019) скажа: «Васіль — адзін з найвыбітнейшых камандных гоншчыкаў свайго пакалення», шмат экспертаў адзначалі, што такія спартсмены часцей за ўсё застаюцца небачнымі героямі, але нашага хлопца стоадсаткова бачыў увесь пелатон (а дакладней яго моцную спіну, за якой хавалася ўся каманда).

Канец кареры

Вясной 2019 ў яго з’явіліся праблемы з сардэчным рытмам, якія не перашкодзілі яму выйграць другое запар золата на Еўрапейскіх Гульнях у Мінску (дома і сцены дапамагаюць), зноў у «паасобцы». Але ў студзені 2020 Васіль ўсё ж вырашыў спыніць свае выступы ды паберагчы здароў’е. Зараз праслаўлены велагоншчык адпачывае з сям’ёю (у яго двое дзяцей) ды пакуль трохі дыстанцыраваўся ад спорта, жыве ў Кітаі. Калісьці я выпадкова ўключыў гонку, дзе перамог беларус Васіль Васільевіч Кірыенка, так мяне і зацікавіў гэты прыгожы від спорта. Веру, што дзякуючы гэтаму выбітнаму спартсмену шмат замежнікаў даведаліся аб нашай цудоўнай краіне. Васіль аддаваў спорту ўсяго сябе, а мы павінны пісаць аб ім, каб спорт яго не забыў.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *