«Да мяне вярнулася мая іскра» — трэнеры прак-поп харэаграфію і кавердэнс
Рубрыка «Блогасфера»
Ці глядзіце вы цікток? Мы таксама! Таму не можам не звярнуць увагу на моладзевыя напрамкі ды трэнды. Хэштэгі #кавердэнсминск #кпопбеларусь набралі 24 тысячы і 1,8 мільёна праглядаў. Такія лічбы гавораць пра актуальнасць, таму мы не можам не разабрацца, што так цікавіць аўдыторыю.
Халлю — хваля папулярнасці карэйскай культуры — ужо шмат гадоў распаўсюджваецца па ўсім свеце. Не абышла з’ява бокам і нашу краіну. Сёння шмат беларускай моладзі захапляецца гуртамі, серыяламі ды акцёрамі з Азіі. Гэтая любоў зноў і зноў аб’ядноўвае вялікую колькасць юнакоў (спойлер: і не толькі). Такія інтарэсы дапамагаюць перамагчы адзіноту і хутчэй знайсці сяброў, сапраўды блізкіх па духу.
Найбольш вядомым стаў к-поп ці, па-іншаму, карэйская поп-музыка. Трэба разумець, што гэтая плынь вельмі спецыфічная. К-поп — гэта не толькі жанр, але і асобная суполка, вялікі пласт культуры. Тэндэнцыя майстарскі стварыла ўласны свет творчасці і развіцця. У ім фанаты не проста спажыўцы. Слухачы імкнуцца «пракачацца» ва ўсіх сферах, кожны дзень змагаюцца за тое, каб стаць лепшай версіяй самога сябе. Актыўныя, зацікаўленыя, жывыя і самаўпэўненыя, яны знаходзяць саміх сябе, дзякуючы яднанню і натхненню. Некаторыя з іх нават яднаюцца ў міні-гурткі, дзе рыхтуюцца абыграць па-свойму харэаграфію любімых выканаўцаў ды станчыць яе разам на відэа. Рыхтуецца ўсё: сцэнічныя касцюмы, тэхніка, удзельнікі за свае грошы здымаюць памяшканні для рэпетыцый. Так стварыўся кавердэнс.
Што ж так моцна ўплывае на людзей? Адказ вельмі просты: самі карэйскія спевакі. Айдалы вельмі ідэалізаваныя. Іх перфомансы захапляюць сваім маштабам і энергіяй, танцы даведзены да стоадсоткавага сінхрону. Прадюсары трэніруюць іх манеру паводзін і гаворку, нават міміку, адточваюць і раскрываюць харызму. Каб трапіць на сцэну, будучыя іконы некалькі гадоў запар рыхтуюцца кожны дзень без ніякай гарантыі на дэбют. І гэта ўсё ў школьныя гады.
Не дзіва, што гэтыя людзі — вялікі узор для пераймання. Імкненне быць падобным да куміра не ведае межаў. Запал да харэаграфіі ды публічных выступаў можа з любога чалавека зрабіць сапраўднага артыста. Такія куміры даюць неабходны штуршок і дапамагаюць рухацца наперад. У гэтым асяроддзі ніколі не забудзеш, як гэта важліва — шмат працаваць і аддавацца на ўсе 100 адсоткаў сваёй справе.
Вось і нарадзіўся напрамак к-поп-харэаграфіі. Такі незвычайны для простага чалавека і такі родны для сваіх. Як яго зразумець? Колькі асаблівацей ён хавае ў сабе?
— Пасля перапынку ў танцах пачала слухаць музыку. І да мяне вярнулася мая іскра, я зноў закахалася ў харэаграфію. Такога, як у кліпах карэйскіх гуртоў, не бачыла больш нідзе. К-поп — гэта пра яскравасць і эмоцыі. Па-першае, ён чапляе. Па-другое, мае свой характар, а па-трэцяе, спалучае ў сабе ўсе стылі, — расказвае Анастасія.
З багаццем напрамку згаджаецца і Аляксандра, якая заснавала студыю к-поп-танцаў:
— Гэта вельмі рознабаковы кірунак, бо развівае не толькі танцавальныя здольнасці, але і мноства іншых. Вы размаўляеце з людзьмі, вучыцеся разумець іх, працуеце ў камандзе і робіце сумесныя праекты, прыдумляеце і ствараеце касцюмы, прычоскі, робіце макіяж, рыхтуеце канцэпцыю нумара. Можна рэалізаваць увесь свой творчы патэнцыял.
Саша распавяла, як сама далучылася да ліку педагогаў:

— Першапачаткова я стала ўдзельніцай кавердэнс-каманды. Нават падумаць не магла, што калісьці буду трэнерам: мы проста танчылі разам, рыхтаваліся да выступаў — гэтага мне было дастаткова. Аднак цікава было паспрабаваць сябе ў новай ролі. Цяпер разумею: я той чалавек, які з’яўляецца не проста трэнерам, які толькі праводзіць заняткі. Мне важна дапамагаць людзям змяняць стаўленне да сябе, да свету, прыслухоўвацца да ўнутранага голасу і давяраць яму. Гэта цэлая філасофія, якой спрабую навучыць іншых.
— Хто ці што матывуе вашых навучэнцаў?
Саша: Гэта ў першую чаргу цікавасць да айдал-гуртоў. Людзям вельмі падабаецца тое, як яны сябе падаюць. І шмат каму хочацца быць падобнымі. Творчасць карэйскіх артыстаў — велізарная рухаючая сіла. Я сама так трапіла ў танцы: закахалася ў адзін з гуртоў, іх музыку, танцы — і ўсё, панеслася! Мне таксама захацелася трэніравацца і выступаць. Лічу, таямніца папулярнасці кірунку ў тым, што айдалы натхняюць людзей ісці ў любую творчасць і ствараць сваё. Гэта вельмі крута!
Насця: Лічу, што гэта жаданне быць бліжэй да выканаўцаў не толькі праз гук, але і праз рух. Калі ўжо людзі пачынаюць адчуваць стыль глыбей, тады пачынаюць спрабаваць у харэаграфіі кожны раз нешта новае і непадобнае да папярэдняга.
— К-поп-харэаграфіяй прыходзяць займацца нават тыя, хто і не слухае к-поп. Таму вельмі патрэбна разумець, каму ўвогуле падыдзе такі стыль. Для людзей якога тэмпераменту гэта будзе незвычайны досвед?
Саша: Гэты кірунак варта паспрабаваць усім, асабліва тым, хто саромеецца сябе, не ўпэўнены ў сабе і сваіх сілах. Сціплыя людзі пераўвасабляюцца пасля студыі. Змены не толькі ва ўзроўні танцаў. Яны робяцца больш адкрытымі, смелымі, шчырымі і разняволенымі.
— Такі незвычайны напрамак заўсёды будзе выклікаць дыскусіі, а сумневы часам прыходзяць у непавагу, непрыняцце і нават булінг. Ці адчуваюць такую з’яву на сабе?
Насця: Для многіх к-поп выглядае як нешта несур’ёзнае. Таксама ёсць тыя, хто лічыць, што к-поп-кавердэнс — гэта ўсяго толькі паўтарэнне чужых харэаграфій, што ў гэтым няма нічога складанага і што людзі проста прыходзяць на ўсё гатовае.
Таксама стэрэатып, які замацаваўся, — узрост фанатаў карэйскай музыкі. Быццам бы гэта цікава толькі дзецям і маленькім дзяўчынкам-фанаткам. Мусіць, самы вялікі міф. У маёй першай групе сярэдні ўзрост вучняў 25+.
Саша: Больш не ў адносінах да самога кірунку, а ў тым, што «танцы — гэта несур’ёзна і не большым, чым проста хобі». Так прынята лічыць.
— Усё змяняецца, грамадства таксама, а з ім к-поп і напрамак танцаў. Што змянілася за апошнія 2–3 гады?
Насця: Безумоўна, кам’юніці к-поп-кавердэнсу стала шырэйшым, што не можа не цешыць. Прыемна глядзець на вялікую колькасць таленавітых людзей, якія гараць справай! Бачу, што ўсё больш старэйшае пакаленне цікавіцца напрамкам, таксама немагчыма не заўважыць імклівы рост кам’юніці ў краінах СНД і ва ўсім свеце. Разам з гэтым, якасць танцораў гэтага стылю расце, а падыход да к-поп-кавердэнсу становіцца больш свядомым і сур’ёзным.
Саша: Папулярнасць напрамку вельмі вырасла! У нейкі перыяд я думала, што цікавасць да к-поп-танцаў будзе згасаць, але з кожным годам людзей, якім гэта цікава, становіцца яшчэ больш.
— Які адваротны бок гэтага напрамку?
Працяг інтэрв’ю чытайце на старонках снежаньскага нумара!
Дар’я ВЯРЭНІЧ,
фота з уласнага архіву гераінь
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
