Пазакласнае чытанне для любога ўзросту, або «Лета на зачараваным балоце» ад Кніжнай феі
У глыбіні зачараванага балота, дзе віруе таямнічая прырода, Юля і Андрэй адкрываюць дзверы ў свет, поўны незвычайных прыгод, міфалагічных істот і падлеткавага кахання. Кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой запрашае чытачоў у падарожжа па палескіх лясах, дзе кожны крок можа стаць пачаткам новай гісторыі. Больш дэталёвы агляд чытайце ў матэрыяле!
Насамрэч, кніга трапіла мне ў рукі выпадкова: спадарыня Кацярына падарыла яе на стагоддзе часопіса «Бярозкі», якое мы адсвяткавалі ў снежні. Я адразу ж прабегла вачыма па тэксце і настолькі захапілася, што вырашыла: напішу артыкул ў летні выпуск. Цёплая чэрвеньская атмасфера кнігі толькі паспрыяла рэалізацыі задумы.
Як аказалася, гэта частка серыі. Першае выданне называлася «Таямніца зачараванага балота», дзе галоўныя героі яшчэ зусім маленькія. Але не пужайцеся! Кнігі можна чытаць як асобныя творы, бо пісьменніца даволі ўдала ўводзіць чытача ў кантэкст жыцця жыхароў Палесся.
Пра што гэта гісторыя?
Бацькі купілі пуцёўку на мора і прапануюць сваім дзецям паехаць разам з імі, але тыя катэгарычна супраць — хочуць паехаць у вёску да бабулі з дзядулем. І іх ніяк не пераканаць у іншым! «Дзіўна, — думаюць бацькі, — дык там жа няма інтэрнэту! Там няма чаго рабіць! Глуш дый толькі». А для Юлі з Андрэем гэта не праблема — яны ж даўно не бачылі родных сэрцу людзей. Альбо не толькі ў гэтым справа?
А ўсё праз тое, што два гады таму ездзілі брат з сястрой на Палессе і пазнаёміліся там з цмокам-Дарункам, Багнікам, духам балота, з яго жонкай спадарыняй Кікі, іх дзецьмі Кімай і Балоцяй. Іх стрыечная сястра Мара, прыгажуня-свавольніца з чырвонымі валасамі, стала мілай сэрцу Андрэю, з-за чаго Юля часта жартавала з яго: «Ніколі не забуду, што мой брат закахаўся ў кікімару!» Быў там і Скарбнік, захавальнік балотных багаццяў, і жонка яго — Багнэся. І не забыліся на ведзьму Кларыну, якая з лесу перабралася жыць у вёску.
Цікава, што для раўнавагі палескіх мясцін нельга, каб чалавек ведаў пра міфалагічных істот, што яны насамрэч існуюць!
Але выйсце знайшлі. Для дзяцей зрабілі спецыяльны абутак, каб вольна хадзілі па балотах, а таксама ўручылі ім палку-навігатар, каб не заблукаць у лесе.
Паступова з’яўляюцца ў гісторыі і новыя героі. Напрыклад, Мірон і Каталея (таксама брат і сястра) прыехалі ў вёсачку па модным экатуры, каб пабыць без тэлефонаў і шуму. Аднак выпадковае няшчасце перапляло ніці лёсу герояў! Па душу кожнага прыйшла Мроя, і больш не будзе жыцця і спакою.
Ці змогуць яны перахітрыць ліхадзейку? А вось пра гэта вы даведаецеся самі!
Асабістыя ўражанні ад казкі
Больш за ўсё мне спадабалася, як аўтарка апісвае балотныя ласункі! Божухна! Сколькі ўсяго ведае спадарыня Кацярына! Салата з балотных раслін пад соусам з сальвініі, суп-пюрэ з карэння мячэўніка, аладкі з чаротавых сцяблін з падліўкай з лотаці, блінчыкі з сітніцы; рулецікі з асакі, фаршыраваныя маннікам. І не толькі асноўныя стравы здзіўлялі. Былі яшчэ і дэсерты з пірагамі з журавінамі і аеравым кісялём, пячэннем з міртам і лазаніцай. І гэта я яшчэ не ўсё апісала! Ведам і фантазіі пісьменніцы не было меж. Акрамя цікавых страў мяне вельмі ўзрадаваў яе стыль напісання. Ну як можна пісаць кнігі такімі чароўнымі беларускімі словамі?
Цікава было назіраць за гісторыяй нараджэння кахання: калі з Андрэям і Марай было ўсё зразумела з самага пачатку, дык пра Мірона і Кларыну я нават і падумаць не магла! Чалавек і балотная вядзьмарка — смех ды і годзе! Але іх каханне было настолькі прыгожае і глыбокае, што я ім паверыла. Чыстае, шчырае каханне. Цікава, ці будзе працяг іх адносін?
Яшчэ мне спадабалася, што людзі і міфалагічныя істоты ў сваіх прыгодах былі як адна сям’я. Два абсалютна палярныя сусветы. Але гэта не проста знаёмыя, з якімі ты проста бавіш час. Гэта людзі, з якімі ты пройдзеш любыя выпрабаванні. Нездарма я падумала: «Цікава, у жыцці тое ж самае!» Часам лёс звязвае цябе з абсалютна не падобнымі да цябе людзьмі. Аднак калі вашыя погляды супадаюць, калі вам добра і камфортна разам — каму якая розніца, што вы не падобныя?
Не магу абмінуць прыгожае афармленне кнігі. Мастачка Галіна Іванова добра дала рады з задачай. Яна не проста стварыла ілюстрацыі, а абмалявала гэту гісторыю так, як яна і павінна выглядаць! Малюнкі атрымаліся вытанчанымі. Нават проста трымаць выданне ў руках і гартаць яго — адна асалода. І не сорамна падарыць сябрам, калегам, дзецям на святы, бо выглядае на ўсе 100!
Адным словам — ваў! «Лета на зачараваным балоце» мяне неспадзявана моцна ўразіла. Захацелася прачытаць, як мінімум, кнігі серыі, а максімальна — усе кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.
Вам таксама спадабаецца гэта неверагодная гісторыя. Магу сказаць дакладна, што, прачытаўшы, не пашкадуеце!
Ганна БЕЛАЯ
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА