«Кожны чалавек нараджаецца даследчыкам». Інтэрв’ю з Іванам Саверчанкам
Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя Янкі Купалы Іван Саверчанка — гэта Асоба. Праз інтэрв’ю раскрыць даследчыка, літаратуразнаўцу, навукоўца, інтэлектуала, можна толькі на 5%. Максімум (!). Але я спадзяюся, што гэты матэрыял натхніць вас не толькі на прачытанне кніг «Рыцары Белай Русі», «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега», «Сымон Будны — гуманіст і рэфарматар», на грунтоўнае паглыбленне ў гісторыю беларускай літаратуры, але, магчыма, дапаможа і паглыбіцца ва ўласны ўнутраны свет…
— Іван Васілевіч, калі і пры якіх абставінах у Ваша жыццё ўвайшла беларуская мова? І чаму яна засталася пад сэрцам назаўсёды?
— У дзяцінстве мы размаўлялі на беларускай мове. Затым я вучыўся ў Бялынкавіцкай школе з беларускай мовай навучання. На філалагічным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, дзе я правёў чатыры гады, шмат прадметаў выкладалася па-беларуску. У Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, куды я паступіў у аспірантуру ў 1983 годзе, панавала беларускае слова.
Асноўныя мае даследаванні і мастацкія творы напісаны на беларускай мове. Мая цвёрдая пазіцыя палягае на тым, што беларускія навукоўцы павінны пісаць на роднай мове, удасканальваць яе, а затым, калі ўзнікае патрэба, перакладаць свае працы на рускую ці іншыя мовы свету.
— Ці абмянялі б Вы вясковае дзяцінства на гарадское? Што для Вас «родны кут»?
Я ўзгадаваўся на ўлонні чароўнай прыроды, каля рачулкі Зубр, якая ўпадае ў чыстую Бесядзь. Маё дзяцінства і юнацтва прайшлі на Касцюковіцкай зямлі. Побач з нашай невялікай вёскай, якая мела мілагучную назву Маліноўка, рос густы лес, куды мы ахвотна хадзілі па ягады і грыбы. Відаць, ад таго часу я найлепшым чынам адпачываю, калі знаходжуся ў лесе або на беразе ракі. Горад для мяне – гэта месца працы, дзе я ўвасабляю свае творчыя задумы і навуковыя праекты. Але прайшло шмат гадоў і я прызвычаіўся да гарадскога ладу жыцця. Мне зараз надзвычай камфортна і ўтульна ў Мінску.
— Беларус-грамадзянін для Вас — гэта…
— Гэта дасканалая ў прафесійных адносінах асоба. Гэта чалавек, які цалкам рэалізуе ўласныя адпрыродныя здольнасці і талент у працы. Людзі маюць розныя схільнасці, рознае прызначэнне. Усіх нас, беларусаў, аб’ядноўвае наша вялікая гісторыя, наша мова і культура. Мы адказныя за нашу зямлю, за краіну і за тое, якімі будуць наступныя пакаленні.
— Які галоўны нацыянальны код беларусаў? Ці верыце Вы ў «тэорыю цыклічнасці»?
— Да ліку галоўных кодаў беларусаў належыць багатая фальклорная спадчына — песні і казкі, легенды і паданні, мудраслоўі і прыказкі. Яны фарміруюць менталітэт народа, духоўны свет асобы. Беларуская літаратура і мастацкае слова гэтаксама з’яўляюцца нацыянальным кодам, які ўмацоўвае ідэнтычнасць і забяспечвае адзінства народа. Вельмі важным кодам з’яўляецца наша багатая гісторыя, мужнасць і самаахвярнасць духоўных і палітычных лідараў, подзвігі герояў і стваральная праца папярэдніх пакаленняў, што ўплывае на палітычную кансалідацыю грамадства, сацыяльную лучнасць грамадзян краіны.
Што да тэорыі цыклічнасці, то яна мае пэўны грунт. Некаторыя паўтарэнні ў жыцці грамадства сапраўды можна назіраць. Разам з тым менавіта наватарскія тэхналогіі забяспечваюць паступовае развіццё і прагрэс грамадства. Індаеўрапейцы пашырылі арэол свайго існавання дзякуючы выкарыстанню бронзы і вынаходніцтву калясніцы. Славяне атрымалі істотныя перавагі перад іншымі народамі пасля таго, як яны навучыліся выплаўляць з руды жалеза і апрацоўваць яго, рабіць трывалыя прылады працы і зброю.
Такім чынам, няма падстаў адмаўляць навукова-тэхнічны прагрэс і духоўнае сталенне грамадства, імкненне людзей планеты да міру і згоды, да супольнага вырашэння агульначалавечых праблем і захавання цывілізацыі.
— Па тэматычным напаўненні ў «Бярозцы» заўсёды пераважаў літаратурна-мастацкі кантэнт. І, калі прааналізаваць гісторыю яе развіцця, можна зрабіць пэўныя высновы і пра нацыянальны літаратурны працэс увогуле. Былі часы, калі падпісны наклад дасягаў 30-50 тысяч экзэмпляраў, а зараз ён налічвае крыху больш за 1 тысячу. Ці перажывае сёння сучасная беларуская літаратура страту чытацкай аўдыторыі?
— Зараз з кнігамі і часопісамі моцна канкуруюць электронныя сродкі масавай інфармацыі. Яны аператыўна даносяць спажыўцам сціслую інфармацыю. Але ўсё адно попыт на цікавую кнігу, яркую публікацыю існуе і будзе заўжды існаваць. Сацыялагічныя апытанні пацвярджаюць высокі ўзровень цікаўнасці беларускіх чытачоў да літаратуры і кнігі. Здаецца, у топе знаходзяцца вучэбная і навукова-папулярная літаратура, творы для дзяцей і падлеткаў. Мастацкая проза і класічная паэзія гэтаксама карыстаюцца попытам. Павага да беларускай мовы і літаратуры ў беларускім грамадстве, на маю думку, значна павялічылася. Незалежнасць і суверэнітэт краіны, дзяржаўная падтрымка нацыянальнага друку паступова адраджаюць цікавасць да беларускага прыгожага пісьменства.
— У 2023 годзе рэдакцыя «Бярозкі» зрабіла маркетынгавы ход і дадала пад лагатыпам пазнаку «ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ» часопіс для падлеткаў. На Вашу думку, ці з’яўляецца літаратурная творчасць падцверджаннем інтэлекту?
— Літаратура несумненна развівае
Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №9
Гутарыла Яніна КАРАЛЕВА
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
