УВАХОД ТОЛЬКІ Ў МАСЦЫ! ЗНОЙДЗЕНЫ ВІРУС

У нашай сям’і здарылася няшчасце! Дзядуля цяжка захварэў. На гэты раз не спіна і нават не сэрца. У дзядулі знайшлі вірус…. Камп’ютарны. На заклікі пагуляць у мяч ці паскакаць са скакалкай не рэагуе ну ніяк. Што рабіць? Куды бегчы і як выратаваць свайго Дзеда ад віртуальнай саранчы? Гэтым пытаннем задаўся хлопчык па імені Тошка — галоўны герой беларускага анімацыйнага мультсерыяла «Тошка і яго сябры».

Тошка не проста хлопчык, ён бульбачка. З 2017 года пражывае ў наваколлях возера Нарач у хатцы пад вялікім клубневым кустом. Тады рэжысёрам і сцэнарыстам Аляксандрам Ленкіным і прыдумаўся персанаж, а разам з ім і гісторыя «Тошка і яго сябры», якая працягваецца ўжо як пяць серый. У кожнай з іх Тошку з яго сябрамі Гусяй і Бусяй чакаюць прыгоды, не заўсёды прыемныя… За ўсёй дружнай кампаніяй назірае Дзед Тошкі, які праз свой жыццёвы досвед нярэдка выцягвае сяброў з непрыемнасцей. Але ў трэцяй серыі «Тошка і яго сябры. Камп’ютарны монстр» (2019) ратаваць прыйшлося Дзеда… Пра гэтую серыю і пагаворым.

Гісторыя атрымалася б тыповай, калі б не змена роляў.  Рэжысёр зрабіў так, каб маладое, ласае на камп’ютарныя гульні пакаленне, ратавала Дзеда. Яшчэ раніцай той быў з тэхнікай на «Вы», але вельмі хутка ўцягнуўся і нават дайшоў да апошняга, самага складанага ўзроўню…

На новыя геймерскія дасягненні Дзеда матываваў камп’ютарны вірус, які Аляксандр Ленкін замаскіраваў пад твар вялікай і агіднай саранчы. І чым вам не вораг і злыдзень, якога можна баяцца, але магчыма перамагчы? Калі б бульбачкавым праціўнікам стаў каларадскі жук, атрымалася б трывіяльна. Таму спыніліся на саранчы.

Мультфільм разлічаны на аўдыторыю дашкольнага і школьнага ўзросту і носіць у сабе адукацыйны і забаўляльны характар. Кожная серыя пачынаецца з забаўляльнай песенькі пра Тошку і яго кампанію, якую ўжо пасля першага разу можна падпяваць у чаканні новай серыі. Тэкст песні прыдумала Алена Мельнікава, музыку — Ігар Воўчык.

Што да стылю малюнка, то ён просты. Колеры, у сваю чаргу, чапляюць сакавітасцю і яскравасцю. Персанажы тут таксама запамінальныя. Апроч дзвюх бульбачак (маладой і старой) на экране з’яўляюцца Гуся (шчанюк-вусень) і Буся (котка-багоўка). Такія мутацыі (у добрым сэнсе гэтага слова) без ўвагі гледачы дакладна не пакінуць.

Цікавай для назірання будзе трансфармацыя Дзеда як персанажа. На пачатку трэцяй серыі ён з’яўляецца ўзорным дарослым, усімі сіламі спрабуе выцягнуць унука з яго сябрамі з віртуальнай рэальнасці. Але потым сам жа трапляецца ў гульнявую пастку. Дзед адмаўляецца ад усіх перакананняў, якія прывіваў унуку, і становіцца ледзь не галоўным антаганістам:

— Дедушка, брать чужое нехорошо…

— Главное пройти уровень, всё остальное не имеет значения!

Калі прыбраць усю маляўнічую і лёгкую абалонку мультфільма, то можна разглядзець, што Аляксандр Ленкін уздымае дастаткова важныя і актуальныя для сучаснікаў тэмы. Па-першае, пазбяганне рэальнасці ў камп’ютарных гульнях і гаджэтах. Гэтым грашыць не толькі маладое пакаленне, але і дарослыя. Звярніце ўвагу на пасажыраў метро ці іншага грамадскага транспарту. Тэлефон у руках абсалютна ў кожнага: у дзіцяці замест бразготкі, у дарослага замест кнігі. Па-другое, наколькі хутка камп’ютарная гульня можа выбудаваць сцяну паміж членамі сям’і. У YouTube шмат відэа, дзе бацькі спрабуюць змагацца з залежнасцю свайго дзіцяці. Ролікі папулярныя і становяцца асновай для мемаў, але калі задумацца, то сітуацыя страшная.

Наогул у мультсерыяла «Тошка і яго сябры» ёсць усе шанцы, каб здабыць такую ​​ж папулярнасць, якая ёсць у «Лунціка», «Смяшарыкаў» і «Трох катоў». Ва ўсіх вышэйпералічаных серыялах, і нашага «Тошкі» ў тым ліку, персанажы самабытныя, з імі глядач хутка пасябруецца. Як па мне, у «Тошкі і яго сяброў» падобны вайб з «Лунцікам»: героі букашкі-таракашкі, усе дзеянні адбываюцца на паляне ці каля возера — на прыродзе, адным словам. А яшчэ ў абодвух серыялах ёсць клапатлівыя дзяды. У «Лунціку» старых болей: Баба Капа і Дзед Шэршуля… І ім таксама часам патрэбна дапамога ўнукаў.

Дарэчы, ва ўсіх пералічаных мультсерыялах уздымаюцца актуальныя тэмы, каб твор не толькі смяшыў, што важна, але і адукоўваў.

Вось такі беларускі кіберпанк атрымаўся ў трэцяй серыі серыяла «Тошка і яго сябры». А чым усё скончылася, даведайцеся самі.. Па класіцы мультсерыял можна знайсці ў інтэрнэце.

А вы, нашы дарагія чытачы, будзьце асцярожныя. Віртуальная саранча штука такая, небяспечная. Вандруе ад камп’ютараў да смартфонаў і з лёгкасцю зможа завалодаць вашым розумам… Так што пакуль лета, сонейка і цёплая вада ў азёрах — забаўляйцеся, дыхайце свежым паветрам, заводзьце новых сяброў і беражыце сябе!

Кацярына Ярашэвіч

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *