Гэта не возера. Гэта акіян
Хто з нас не любіць выдатныя гісторыі і не захапляецца майстэрствам пісьменніка, жаданням якога падпарадкоўваюцца захапляльныя пакручастыя сюжэты? Аднак некаторыя гісторыі самі хочуць быць распаведзенымі, не адпускаючы вас да самага фіналу. Яны цярпліва чакаюць свайго часу…

У гульнявых студый ёсць мноства падыходаў да стварэння ідэальнага, на іх погляд, выніковага прадукту. Фінская студыя Remedy Entertainment, пра гульню якой сёння пагаворым, асноўную ўвагу надае менавіта сюжэту, сэнсу і атмасферы гісторыі. Цікавыя геймплэйныя рашэнні толькі падтрымліваюць інтарэс да гульні, не адцягваючы ўвагу ад самой гісторыі. Не стала выключэннем шэдэўральная, на мой суб’ектыўны погляд, гульня Alan Wake, якая выйшла ў 2010 годзе. Нягледзячы на тое, што ёй больш за дзесяць гадоў і за гэты час з’явілася шмат вартых увагі гульняў, Alan Wake застаецца актуальнай для аматараў містыкі дзякуючы моцнаму сюжэту, адмысловай атмасферы і цікавым механізмам барацьбы святла і цемры. Карацей, класіку варта ведаць.
Вядомы пісьменнік Алан Уэйк разам з жонкай Эліс прыехаў у невялікі горад Брайт-Фолс недзе ў глухмені. Тыповая заходняя правінцыя, поўная легенд і змрочных гісторый, аднак нішто не абяцае бяды перад світанкам. Алан, аўтар некалькіх паспяховых кніг у жанры трылера, ужо пару гадоў нічога не пісаў. Эліс настаяла на гэтай вандроўцы, каб прачысціць галаву і адпачыць разам у хаце на беразе возера Колдран, чые цёмныя воды халодныя, як лёд. Раней гэтае месца даравала нечаканае натхненне многім творчым людзям. Можа, справа ў лясных пейзажах, а можа — у чымсьці больш глыбокім.
Працяг чытайце ў новым нумары «Бярозкі»
