Анонс дзявятага нумара
Што вы зможаце прачытаць у вераснёўскім нумары «Бярозкі»?
«Што напісана пяром». Рэпартаж з Добруша са святкавання дваццаць дзявятага Дня пісьменства. Бачылі гістарычную рэканструкцыю 1943 года, дзе былі прадстаўлены баі за Добруш і супраціўленне партызан. Сустрэлі сваякоў Івана Шамякіна на цырымоніі адкрыцця помніка класіку ў скверы па праспекце Міра. Дарэчы, помнік важыць больш за 10 тон, выкананы з бронзы. Аўтарства кампазіцыі належыць Уладзіміру Піпіну і Канстанціну Касцючэнку. Даведаліся ў пляменніка Нацыянальнага пісьменніка Беларусі, ці падобным выйшаў манумент.
«Так блізка і так далёка». Узгадваем вынікі Рыжскага мірнага дагавора, як адчувалі сябе раз’яднаныя на працягу 20 гадоў беларусы і што казаў тагачасны міністр замежных спраў Польшчы Юзаф Бек. А таксама расказваем пра новы праект Беларусьфільма пад працоўнай назвай “Мы адзіныя”. Фільм павінен выйсці да лета наступнага года. Дзелімся ўсёй інфармацыяй, якую ўдалося знайсці.

«Лепш за горы можа быць толькі аўтаспын». Расказваем на жывым прыкладзе, як падарожнічаць аўтаспынам. Раней гэта было вельмі папулярнае хобі, а што стала з ім цяпер і куды можна адправіцца на сваіх дваіх з мінімальнай колькасцю багажу, чытайце ў нашым матэрыяле.

«Яблычнае кола». Мастацкая ўрэзка пра дзяцінства, вакацыі і сталенне, злітаваная з падборкай святочных і мінімальна затратных рэцэптаў з яблыка: яблыкі ў карамелі, літоўскі яблычны сыр.

«Узоры на кары». Як мы ставімся да раслін цяпер? Як да элемента дэкору, максімум — фільтру вуглякіслага газу. Аднак у старажытнасці продкі надзялялі дрэвы магічнай сілай. Расказваем самыя яркія легенды, якія перавандравалі ў літаратуру і паўсядзённы побыт.

«Гісторыя поспеху. Толькі без рук!». Гісторыя зараджэння, заняпаду і развіцця ірландскіх танцаў. Наколькі прафесійна яны прадстаўлены ў Беларусі, а таксама ўрэзкі размовы з танцоркай беларускай студыі Юліяй Цурко, якая займаецца гэтым відам мастацтва.

«Чужы сярод сваіх». Працягваем даследаваць беларускую анімацыю. Распавядаем мульткарціну «лагодны воўк». Пра тое, як складана разбураць каноны, перажываць унутраны канфлікт і быць чужым сярод сваіх. Шукаем спасылкі ў іншых працах нацыянальнай кінастудыі, падчас чаго падбіраемся да сцэнарыста Міхаіла Ліпскерава і яго мультфільма «Воўк і цяля».

«Пераход з пачатковай школы ў сярэднюю: час крызісу?». Разбіраемся, якім месцам павінен быць для дзіцяці дом, як справіцца са стрэсам у перыяд навучання, а таксама шмат у чым іншым.

Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
