Сучасная беларуская паэзія
Што такое паэзія? На гэта пытанне адказваю ўпэўнена: «Лекі для душы». Прачытаеш — і адразу становіцца лягчэй. Ты быццам бы ў іншым cусвеце, дзе радкі здольны загаіць найглыбейшыя раны, сцішыць нязгасны боль, дастаць застарэлыя стрэмкі з душы. Аднак у нейкі момант я з сумам і сорамам заўважыла, што амаль не ведаю сучасных стваральнікаў беларускай паэзіі. Вырашыла гэта выправіць. І сёння пішуць! Толькі вось пра што і як?
У чэрвені гэтага года я трапіла на імпрэзу, дзе выступаў Алесь Камоцкі, беларускі паэт, бард, выканаўца песень. Так і адбылося маё знаёмства з адным са стваральнікаў сучаснай беларускай паэзіі. Пасля імпрэзы выступоўца падараваў мне сваю кнігу — маленькую, з далонь, з вельмі прыгожай і паэтычнай назвай — «Забірай маё лета». Унутры яе, акрамя вершаў, ёсць цудоўныя фотаздымкі.
Лірычнага героя многіх вершаў можна ахарактарызаваць як летуценнага, чулага, спагадлівага чалавека, што перажыў страты, у глыбіні душы якога ўсё яшчэ жыве няўлежны боль. Пра гэта сведчаць кранальныя радкі: «Каб ня збочыць з дарогі ўперад, я заўсёды плыву за табой», «Ну, карацей, звані, калі прачнешся», «Зірнуўшы навокал, я трохі шкадую, што побач ня ты».
Часта сустракаецца ў творах Алеся Камоцкага слова «дарога». Магчыма, гэта доказ таго, што лірычны герой пераасэнсоўвае свой жыццёвы шлях: яго ўзлёты і падзенні, перамогі і няўдачы… Лёгкім сумам прасякнуты радкі: «Ня кожнаму дасца дарога свая», «Ішло жыццё маё пакуль не разбіраючы дарогі», «З дарогі збіўся я не наўмысна — ці засынаю, ці звар’яцеў», «Ад чакання да памкнення крок дарогу перайшоў», «Жыццё вяртала з любых дарог».
На мой погляд, вершы Алеся Камоцкага адгукнуцца ў многіх, бо каму з нас, напрыклад, не прыходзілі ў галаву думкі кшталту:
На вуліцы быў панядзелак,
Душа ж вымагала суботы.
Маім улюбёным стаў твор «Я казаў табе тысячу слоў…», дзе ёсць такія радкі:
Я міжволі ўпадаю у скруху,
Бо ні разу табе не сказаў
Аднаго — што люблю цябе слухаць.
…
Працяг чытайце ў №8 за 2023 год.
Паліна Дваранская
Фота аўтара
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры