«PROпрафесію»: ад прафарыентацыі да паспяховай кар’еры Сумесны праект «Бярозкі» і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі
З лютага «Бярозка» запускае фундаментальны праект для абітурыентаў. Яго сутнасць: дзесяць школьнікаў праходзяць тэсціраванне на платформе profitest.ripo.by і дзеляцца з чытачамі, ці супалі вынікі тэста з іх выбарам прафесіі. Далей «Бярозка» робіць агляд навучальных устаноў, дзе можна атрымаць абраную спецыяльнасць, і напрыканцы — дайджэст ад прафесіянала ў абранай галіне.
Гэта будзе пасля, а зараз знаёмцеся — кіраўнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ў сістэме прафесійная адукацыі РІПА, кансультант праекта Святлана Бутрым.
— Святлана Рышардаўна, па якім прынцыпе абіраліся методыкі тэсціравання? Наколькі яны аб’ектыўныя і эфектыўныя?
— Паспяховасць чалавека ў прафесіі залежыць ад таго, наколькі яна суадносіцца з яго тыпам асобы. Тэст «Прафесія для цябе» дазваляе гэта высветліць. Яго распрацоўвалі тры гады з усімі неабходнымі псіхаметрычнымі патрабаваннямі. Ён дазваляе выявіць самаадчуванне сваіх прафесійных навыкаў, упадабаную сферу дзейнасці, пажаданую прафесію і падказвае, у які каледж ці ВНУ паступаць для атрымання дадзенай спецыяльнасці. У аснову платформы закладзена метадалогія Джона Холанда. Амерыканскі навуковец вылучыў шэсць тыпаў асобы, арыентаваных на пэўнае прафесійнае асяроддзе: рэалістычны — стварэнне матэрыяльных рэчаў; інтэлектуальны — разумовая праца; сацыяльны — узаемадзеянне з людзьмі; канвенцыйны — выразна структураваная дзейнасць; прадпрымальніцкі — кіраўніцтва людзьмі і бізнес; мастацкі — творчая дзейнасць.
Тэст дазволіць высветліць належнасць чалавека да аднаго ці некалькіх тыпаў. Пасля атрымання вынікаў будзе лягчэй вызначыцца і прыняць асэнсаванае рашэнне пры выбары прафесіі.
— У Беларусі зарэгістравана каля васьмі тысяч прафесій і пасад, а ў свеце па розных дадзеных ад 40 да 400 тысяч. Як не разгубіцца? Які першы крок зрабіць бацькам і дзецям?
— Для пачатку неабходна вызначыцца з інтарэсамі: можа, вам падабаецца рамантаваць тэхніку, аўтамабілі, працаваць з лічбамі, ствараць электронныя камп’ютарныя праграмы, працаваць з людзьмі, лячыць людзей? Калі самастойна гэта зрабіць складана, вам дапаможа «ПрофіТэст».
Таксама з выбарам прафесіі дапамогуць прафарыентацыйныя мерапрыемствы на Днях адчыненых дзвярэй «прафесійных субот», якія праводзяць каледжы. Пры правядзенні мерапрыемстваў школьнікаў знаёмяць са спецыяльнасцямі, па якіх вядзецца падрыхтоўка, праводзяцца азнаямляльныя экскурсіі па ўстанове адукацыі і вучэбных майстэрнях, цэнтрах кампетэнцый, майстар-класы, прафесійныя пробы.

— У ваш час, пэўна, не было такіх прасунутых методык. Як вызначаліся з выбарам і як склаўся ваш прафесійны шлях?
— Мой выбар быў усвядомленым і адназначным. Я марыла быць настаўнікам і крок за крокам ішла да гэтага: спачатку скончыла Ваўкавыскае педвучылішча па спецыяльнасці «настаўнік абслугоўваючай працы», а потым вучылася на настаўніка геаграфіі ў педуніверсітэце імя Максіма Танка. Размеркавалі мяне ў дзіцячы летнік «Зубраня», пасля пераехала ў Мінск і пачала працаваць у РІПА.
— Як лічыце, атачэнне вельмі ўплывае на выбар прафесіі? Як ставіцеся да прафесійных дынастый?
— Маладыя людзі часта абіраюць прафесію пад уплывам аўтарытэту асяроддзя: улічваюць меркаванні сяброў, слухаюць парады бацькоў. Але вельмі важка мець сваю галаву на плячах, са школы задумвацца пра сваю будучыню.
У сем’ях з прафесійнымі дынастыямі лягчэй высветліцца з будучай працай. Калі бацькі з гонарам распавядаюць пра сваю прафесію, дзеці будуць бачыць гэта і захапляцца. На мой погляд, такая з’ява — станоўчы прыклад пераемнасці найлепшых прафесійных традыцый, любові да абранай прафесіі. Дынастыі ўзнікаюць у сем’ях, у якіх бацькі з цікавасцю займаюцца сваёй справай, і з вялікай верагоднасцю гэтая любоў пяройдзе ў спадчыну дзецям.
— Ці ёсць пагроза, што ў бліжэйшай будучыні выпускнікі школ адмовяцца ад традыцыйнай вучобы і будуць проста абіраць анлайн-курсы?
— Думаю, што такога ніколі не здарыцца, бо ПРАФЕСІЙНАЯ адукацыя з’яўляецца ў першую чаргу практыкаарыентаванай, а на анлайн-курсах гэтаму не навучаць.
— Парайце, калі ласка, як перастаць вучыцца. Я скончыла філфак, прайшла перападрыхтоўку на журфаку, тройчы павышала кваліфікацыю, заканчвала моўныя курсы і ўжо пачала планаваць вучобу ў магістратуры. Калі быць аб’ектыўнай, і без магістратуры ў нашым жыцці можна абысціся. Як сказаць сабе «стоп»?
— Не трэба казаць сабе «стоп». Вучыцца можна на працягу ўсяго жыцця, і гэта выдатна. Для таго, каб заставацца канкурэнтаздольным на рынку працы, спецыяліст павінен быць кампетэнтным у вузкай праблематыцы і развіваць свае навыкі ў вырашэнні канкрэтных задач. І я жадаю, каб абітурыенты нашых навучальных устаноў ставілі перад сабой менавіта такія мэты і паспяхова іх рэалізоўвалі. Каб дзякуючы адказнаму стаўленню да выбару прафесіі, уласнай мэтанакіраванасці і трывалай сіле волі ў Беларусі стала значна больш сапраўдных прафесіяналаў.
Яніна КАРАЛЕВА,
фота Міхася Мурзы
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
