Вясновыя словы

Рубрыка: У сусвеце беларускай мовы

Спакваля надышла паравіна кахання і абуджэння прыроды — велічная Вясна. Усё навокал прабуджаецца ад, здавалася б, вечнага зімовага сну. Усё дужэе, крыяе і пачынае радавацца жыццю. Міжволі ў нас — назіральнікаў гэтае прыгажосці — паўстае жаданне пісаць вершы ці папросту апісваць гэтыя зачаравальныя вясновыя краявіды. І на дапамогу вам зноўку прыходзяць мовазнаўчыя артыкулы часопіса  «Бярозка».

У гэтым артыкуле мы прыгадаем сціжму беларускіх слоў, якія дапамогуць Вам складаць оды такой далікатнай і лагоднай пары года. Пасля прачытання Вы зможаце выканаць інтэрактыўныя практыкаванні для замацавання і пашырэння атрыманых ведаў.

Спярша разбярэмся, як казаць слушна:  «вясенні»,  «веснавы» ці  «вясновы»,  «увесну»,  «увясну» ці  «вясною»? Пачнем з прыметнікаў: спяшаемся вас усцешыць, бо розніцы паміж гэтымі словамі няма. Трэба адзначыць, што  «веснавы» і «вясновы» разам з  «вясенні» могуць перакладацца на рускую мову як  «вешний» і часцей ужываюцца для надання тэксту паэтычнасці. Цяпер пяройдзем да прыслоўяў, якія паказваюць на нешта, што адбываецца вясенняю парою. Тут таксама ўсё лёгка — розніца толькі стылістычная:  «увесну» і «ўвясну» — больш размоўныя варыянты ў параўнанні са словам  «вясною».

Найгалоўнейшае разабралі, цяпер пяройдзем да іншых вясновых слоў-асацыяцый. Як ужо было згадана раней, з надыходам вясны ўсё навокал адраджаецца, ажывае пасля зімы. Таму давайце адразу разбяром такі цікавы моўвазнаўчы момант: сінонімам для дзеяслова  «ажыць» можа быць  «аджыць». Так-так, вы ўсё слушна прачыталі.  «Аджыць» мае два супрацьлеглыя значэнні —  «пайсці з жыцця» і  «вярнуцца да жыцця» — вось такі нечаканы парадокс. У першым значэнні гэтае слова будзе ўжывацца з займеннікам  «свой». У творы Міхася Стральцова чытаем:  Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. Калі ж няма  «дапаможных займеннікаў», дык дзеяслоў  «аджыць» будзе значыць  «ажыць»,  «вярнуцца да жыцця». Як, напрыклад, у вытрымцы з твора Аркадзя Чарнышэвіча: Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы.

Цяпер больш падрабязна паразмаўляем пра вясновае абуджэнне прыроды. Вясна пачынаецца з адлігі і капяжоў. Назоўнік  «адліга» (рус. оттепель) даволі цікавы, бо мовазнаўцы дагэтуль не могуць адшукаць да яго аднакарэнныя словы ў беларускай мове і дакладна не ведаюць яго этымалогію. Адныя лічаць, што слова звязана з прыметнікам  «лёгкі», бо вясенняя паравіна заўсёды звязаная з палёгкаю, з паслабленнем маразоў. Іншыя мяркуюць, што  «адліга» мае літоўскія карані, дзе ёсць падобныя словы са значэннямі  «змякчацца»,  «слабець,  адпускаць [пра мароз]». Вось так піша Аркадзь Чарнышэвіч у сваім творы  «Світанне»: З раніцы павеяў заходні вецер, нагнаў хмар і прынёс адлігу.

Размаўляючы пра вясну, нельга не ўзгадаць пра звонкі капеж. Адразу трэба зазначыць, што ў адрозненні ад рускай мовы гэта слова мужчынскага роду. У дадатак да гэтага пры скланенні націск у ім пераскоквае на канец: няма капяжА, рады капяжУ, бачу капяжЫ, любуюся капяжАмі. Адметна, што капяжом яшчэ завецца ніжні край даху, што вельмі лагічна, бо менавіта з яго падаюць веснавыя кропелькі. Напрыклад, менавіта ў такім значэнні яго ўжыў Якуб Колас у творы  «Новая зямля»: У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае.

З надыходам вясны адчуваецца прыемны водар, які ні з чым нельга збылтаць. Паветра робіцца ядраным і чыстым. Разгледзім згаданыя намі словы.  «Водар» (рус. аромат) — вельмі старажытнае, яно роднаснае лацінскаму odor і, адпаведна, французскаму odeur. Прыметнік  «ядраны» можа значыць рус.  «ядрёный», але калі мы кажам пра паветра, то ён мае значэнне  «свежий». То-бок ядранае паветра халаднаватае, падбадзёрлівае.

Яшчэ ўвесну на галінах дрэў з’яўляюцца пупышкі (рус. почки) — зародкі (рус. зачатки) першых лісткоў. Звярніце ўвагу на тое, што націск у гэтым слове ва ўсіх формах будзе прыпадаць на Ы. Датычна этымалогіі гэтага слова трэба зазначыць: яно звязанае са словам  «пуп», бо пупышкі падобныя на вузельчыкі. Дарэчы, пупушкі розных раслін могуць мець свае непаўторныя назвы: на вярбе з’яўляюцца  «коцікі», а, напрыклад, рускае  «серёжка берёзы» — гэта каташок. На дзіва, усё звязана са словам  «кот», бо сапраўды ёсць штосьці агульная паміж гэтымі паняткамі. Сцяпан Александровіч піша:  Распушыліся і цвілі коцікі на вербах. Дзякуючы дзеяслову  «распушыліся» напраўду ствараецца сувяць  паміж катамі і суквеццямі вярбы.

Арцісь УНДОКА

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *