ЗЯЛЁНАЯ КАРТА БЕЛАРУСІ
Што за праект:
Зялёная карта greenmap.by — інтэрактыўная карта экалагічна спрыяльных месцаў і ініцыятыў Беларусі.
Хто робіць:
Цэнтр экалагічных рашэнняў — некамерцыйная недзяржаўная ўстанова, створаная для папулярызацыі экалагічнага ладу жыцця і прынцыпаў устойлівага развіцця ў Беларусі, а таксама развіцця міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай захавання навакольнага асяроддзя.
Што робіць:
Дзякуючы працы валанцёраў рэсурс змяшчае і рэгулярна аднаўляе інфармацыю пра пункты збору адходаў і непатрэбных рэчаў, прысвечаныя ахове навакольнага асяроддзя, і экалагічна спрыяльныя арганізацыі, унікальныя прыродныя зоны і г. д.
Што можна знайсці на карце:
- АДХОДЫ І РЭЧЫ — пункты збору другасных рэсурсаў, небяспечных адходаў, заводы па перапрацоўцы смецця, пункты прыёму рэчаў, zero waste-ініцыятывы;
- ЭКАЛАГІЧНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ — недзяржаўныя і дзяржаўныя арганізацыі, навуковыя лабараторыі, установы адукацыі;
- АДНАЎЛЯЛЬНАЯ ЭНЕРГЕТЫКА — месцазнаходжанне сонечных панэляў і воданагравальнікаў, ветрагенератараў, біягазавых установак, гідраэлектрастанцый;
- МЕСЦЫ, СВАБОДНЫЯ АД ПЛАСТЫКУ, — кафэ, офісы, школы і нават царкоўныя прыходы!
Як далучыцца:
- дадаваць новыя аб’екты і цікавыя фота на карту свайго горада;
- абмяркоўваць і каментаваць аб’екты, дзяліцца рэсурсам з сябрамі ў сацыяльных сетках і блогах;
- стаць валанцёрам (запоўніць форму на сайце).
Што можа рабіць валанцёр:
- дапамагаць у пошуку новых пунктаў па тэматычных слаях карты і рабіць іх апісанні;
- пераправяраць і актуалізаваць інфармацыю;
- правяраць якасць працы існуючых пунктаў і пакідаць водгукі пра іх.
Навошта вам гэта рабіць:
Асобны збор і перапрацоўка другаснай сыравіны, утылізацыя небяспечных адходаў, памяншэнне выкарыстання пластыку і захоўванне ўнікальных прыродных зон — гэта важныя крокі на шляху да паляпшэння стану навакольнага асяроддзя. Зялёная карта робіць гэтую складаную задачу прасцейшай для кожнага.
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы “Бярозкі”:
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
748222 — ведамасны
74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры
