Незвычайныя навагоднія рэцэпты ад маладзёжнай бабулі
Пасля таго, як мая бабуня Наталка зарэгістравалася ў TikTok, навагодні стол запоўніўся не толькі звычайным аліўе, чырвонай рыбай ды бульбай, а і самымi разнастайнымi стравамi. Снегавік з гарошку, яліначкі з сыру, свінкі-мандарынкі, канапэ «навагоднія цацкі» і шапкі Дзеда Мароза з суніц.
— Я хацела ўзрадаваць гасцей, таму i вырашыла падаць аліўе незвычайным чынам — у выглядзе снегавіка! Хачу падзяліцца гэтымi рэцэптамi з чытачамі «Бярозкі».
Інгрэдыенты: прыгатаваны салат «аліўе», маянэз, морква для «носа» (вараная ці свежая), гарошак ці чорны перац для вачэй, вузкія палачкі салёнага агурка ці морквы для шаліка і кроп для рук.
Як прыгатаваць:
- Мокрымі рукамі зляпіце з аліўе шарыкі рознага памеру.
- Пакладзіце галушкі адзін на адзін, змацаваўшы іх кропляй маянэзу.
- Вочкі зрабіце з гарошын, нос — з морквы, уставіўшы яе ў верхную галушку.
- Абвяжыце шыю шалікам. Рукі можна зрабіць з кропу ці палосак морквы.
Я ведаю, што бабулі заўсёды прыемна назіраць, як дзеці, унукі ці сябры захапляюцца навагодняй яліначкай-прыгажуняй. Магчыма, таму на нашым стале з’явіліся міні-яліначкі з сыру і агуркоў?
Інгрэдыенты: цвёрды сыр, свежы агурок, маянэз ці мяккі сыр для «снегу», морква ці чырвоны салодкі перац для «зорачак».
Як прыгатаваць:
- Сыр парэжце невялікімі кубікамі.
- Агурок — тонкімі кружочкамі, кожны з іх разрэжце напалову — гэта будуць «галінкі».
- Нанізвайце на зубачыстку ў наступным парадку: кубік сыра, два паўкрýгі агурка (з розных бакоў), зноў сыр, зноў агурок. На вяршáліну— «зорачку».
- Гатовыя яліначкі замацуйце на падстаўцы і злёгку палiце маянэзам ці прысыпце сырам, каб стварыць «заснежаны» эфект.
Мая бабуля мае добрую гаспадарку. На працягу 10 гадоў яна займаецца развядзеннем свіней.
— Я проста не магла забыцца на сваіх улюбёных жывёл і не прыгатаваць гэтых свінак-мандарынак! — падзялілася яна.
Інгрэдыенты: мандарыны, масліны без костачак, зубачысткі, гваздзіка ці харчовы маркёр.
Як прыгатаваць:
- Мандарын ачысціце ад скуркі, але не выкідайце.
- З яе выражце трохкутныя вушкі.
- Масліну разрэжце на палоўкі — гэта «ноздры».
- Цяпер збярыце свінку. Устаўце вушкі ў верхнюю частку мандарына. Адрэжце маленькі кавалачак ад зубачысткі, на яго — палоўкі масліны. Устаўце канструкцыю ў «мордачку». Вочкі можна зрабіць з гваздзікі ці намаляваць спецыяльным харчовым маркёрам.
Памятаю, перад Новым годам бабуля купляла розныя віды сыроў і думала: не парэжаш жа іх проста так! Трэба нешта прыдумаць… І на дапамогу прыйшоў TikTok з рэцэптам канапэ «навагоднія цацкі».
Інгрэдыенты: рознакаляровыя сыры (чэдар — жоўты, гаўда — аранжавы, з цвіллю — блакітны, мацарэла — белы), вінаград (сіні і зялёны), крэкеры ці маленькія сухарыкі, зубачысткі, маянэз ці вяршковы сыр і зелень для дэкору.
Як прыгатаваць:
- Сыр парэжце кубікамі ці выкарыстайце формачкі для печыва, каб выразаць зорачкі, яліначкі.
- Збіраем так: крэкер + кубік сыра + вінаград або кубікі сыра рознага колеру.
- Каб стварыць «малюнак» на цацачцы, выкарыстайце маянэз ці мяккі сыр. З дапамогай зубачысткі можна намаляваць сняжынкі, рысачкі ці «заснежыць»: паставіць белыя кропкі.
— Звычайная фруктовая нарэзка гэта сумна. Лепш прыгатуйце дэсерт «шапкі Дзеда Мароза з суніц». Толькі глядзіце, каб ён не абражаўся, што вы забралі і з’елі яго шапачкі, — з усмешкай кажа пра апошнi рэцэпт бабуля.
Інгрэдыенты: свежыя суніцы, узбітыя вяршкі, белы шакалад ці какосавая стружка.
Як прыгатаваць:..
…Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №12…
Наталля Голубева
Стань чытачом або аўтарам часопіса!
Падпісныя індэксы «Бярозкі»
74822 — індывідуальны
74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА
